Карані дысбалансаў, якія склаліся ў беларускай эканоміцы, знаходзяцца ў існай эканамічнай мадэлі. Пра гэта гаворыцца ў эканамічным аглядзе, які падрыхтавалі эксперты Сусветнага банка.

«Хоць спад у сусветнай эканоміцы зрабіў свой унёсак у макраэканамічныя дысбалансы, іх карані — у глыбокіх структурных праблемах беларускай эканамічнай мадэлі, заснаванай на дамінаванні дзяржавы ў эканоміцы», — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, эфектыўнасць беларускай эканамічнай мадэлі, заснаванай на дамінаванні дзяржсектара, падае.

«Тая мадэль, якая заснавана на дамінаванні дзяржсектара, перастае працаваць», — заявіў у Мінску 22 кастрычніка падчас прэзентацыі агляду дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Украіне і Малдове Чымяа Фан.

Ён адзначыў, што прадукцыйнасць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў значна ніжэйшая, чым прыватных. «Гэта азначае, што краіне неабходны структурныя рэформы, якія дазволяць пераразмеркаваць рэсурсы з неэфектыўнага дзяржаўнага ў прыватны сектар», — падкрэсліў Чымяа Фан.

Разам з тым эксперты Сусветнага банка канстатуюць, што структурныя рэформы ў Беларусі насілі ў апошнія гады «вельмі абмежаваны характар».

«У параўнанні з іншымі краінамі з пераходнай эканомікай, рэформы ў Беларусі праводзіліся павольнымі тэмпамі. Дзяржаўныя прадпрыемствы, на якія прыходзіцца каля 50 працэнтаў выпуску і да дзвюх трацін занятасці, кіруюцца адміністрацыйнымі метадамі, і ім гарантаваны доступ да складанай сістэмы шырокай дзяржаўнай падтрымкі», — мяркуюць аўтары агляду.

У фінансавым сектары краіны, канстатуюць эканамісты Сусветнага банка, таксама дамінуюць дзяржарганізацыі ў асобе банкаў (на іх прыходзіцца да 70% актываў банкаўскай сістэмы). Аўтары агляду адзначаюць, што дзяржбанкі «накіроўваюць рэсурсы ў меней прадукцыйныя сектары эканомікі, у тым ліку шляхам дзяржаўных праграм крэдытавання».

«Урад працягвае рэгуляваць цэны на сацыяльна значныя тавары і паслугі (уключаючы прадукты харчавання і паслугі сувязі). Хаця такая палітыка дазваляла пазбегнуць сацыяльных выдаткаў рэформ, яна прывяла да лакалізацыі вялікай часткі вытворчых рэсурсаў у меней эфектыўным сектары дзяржаўных прадпрыемстваў і абмежавання развіцця больш эфектыўнага прыватнага сектара», — гаворыцца ў эканамічным аглядзе Сусветнага банка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?