Будаўнічыя работы вядуцца нават позна ўвечары.

Будаўнічыя работы вядуцца нават позна ўвечары.

Так выглядае часовы ўваход у будынак аэравакзала.

Так выглядае часовы ўваход у будынак аэравакзала.

Звыклы ўезд на тэрыторыю аэрапорта забарыкадаваны.

Звыклы ўезд на тэрыторыю аэрапорта забарыкадаваны.

За самалётам - стаянка ў полі.

За самалётам - стаянка ў полі.

«Дарма прыехалі так рана — змерзнеце», — кажуць пасажырам, просячы прабачэння, супрацоўнікі аэрапорта. Ацяплення ў будынку няма. І цеплыні не будзе да вясны.

— У нас палова работнікаў на бальнічным. З жахам думаем, што будзе зімой, калі прыйдуць маразы. Турысты, якія вяртаюцца з курортных краін, замярзаюць імгненна. Але мы зрабіць нічога не можам, — разводзіць рукамі адзін з памежнікаў.

У зале асабістага дагляду, праўда, стаяць абагравальнікі, але супрацоўнікі аэрапорта ўсё роўна апранутыя ў цёплыя зімовыя курткі.

Калі пад'язджаеш да аэрапорта, здаецца, што рамонт толькі пачынаецца

Рэканструкцыя аэрапорта — адна з самых маштабных інвестыцыйных прапановаў сталіцы. Агульная плошча будынка — каля 75 тысяч квадратных метраў. З іх амаль палова мусіць быць рэканструяваная. У асноўным гэта памяшканні, прызначаныя для абслугоўвання пасажыраў і багажу: змены чакаюць зону прылёту (1-2 паверхі) і зону вылету (3-4 паверхі).

Прадугледжанае ўцяпленне, цеплавая рэабілітацыя і агульны рамонт усяго будынка. Акрамя таго, плануецца мадэрнізацыя інжынерных сетак — ад замены каналізацыйных сістэм да забеспячэння працы інтэрнэту. Запраектаваныя таксама сучасныя інтэр'еры зон, прызначаных для знаходжання пасажыраў.

У справаздачы кіраўніцтва аэрапорта паведамляецца, што ў 2012 годзе была праведзеная мадэрнізацыя сістэм цеплазабеспячэння, кантролю доступу і відэаназірання, а таксама комплекснае добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы.

Але калі пад'язджаеш да аэрапорта, здаецца, што рамонт толькі пачынаецца.

У найбліжэйшыя дні стаянка будзе дазволеная толькі на 30 хвілін

Рамонт стварыў нязручнасці і для аўтамабілістаў.

У аэрапорце дзве платныя аўтамабільныя стаянкі на 150 і 1180 машынамесцаў. Аднак улетку яны не спраўляліся з вялікім патокам машын. Паркавацца даводзілася практычна «ў полі» і ісці да тэрмінала з чамаданамі пешшу.

Супрацоўнікі ДАІ памяркоўна ставяцца да таго, што аўтамабілісты паркуюцца з парушэннямі — эвакуююць толькі тыя аўто, якія перашкаджаюць праезду.

Аднак у найбліжэйшыя дні бясплатная стаянка будзе дазволеная толькі на працягу 30 хвілін. З 22 па 26 кастрычніка аэрапорт прымае і абслугоўвае дэлегацыі, якія прыбываюць у Мінск на саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД. На гэты час турыстам прапаноўваюць альбо прыязджаць загадзя, альбо скарыстацца грамадскім транспартам.

Цяпер Мінск з нацыянальным аэрапортам звязвае аўтобус.

Інтэрвал складае каля 45 хвілін. Першы аўтобус адпраўляецца ў 4.15 раніцы, апошні — у 2.20 ночы. Цана праезду — 24 тысячы рублёў. Час у дарозе — адна гадзіна.

Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак нядаўна адзначаў, што стварэнне асобнай прамой пасажырскай лініі па чыгунцы паміж сталіцай і аэрапортам немэтазгоднае, «зыходзячы з параўнальна невялікіх аб'ёмаў пасажырапатоку». Выкарыстанне наяўнай чыгуначнай інфраструктуры з будаўніцтвам адгалінавання на аэрапорт значна патанніць праект, час на перавозку пасажыраў павялічыцца ўсяго на 10-15 хвілін.

350 тысяч за нумар з агульнай прыбіральняй

Яшчэ адна праблема для аэрапорта « Мінск-2» — адсутнасць гасцініцы. Ёсць «Пакой маці і дзіцяці» і «Гасцінічныя нумары». Адміністратар тлумачыць, што ў першую чаргу засяляюць бацькоў з дзецьмі, а потым ужо ўсіх астатніх. «Пакой маці і дзіцяці» — гэта двухмесны нумар з кандыцыянерам на 4 паверсе сектара 1-2. Кухня, душавая і прыбіральня. Цана пражывання (за адно месца) — 54 тысячы рублёў.

У пакоях часовага пражывання — гасцінічных нумарах — душавы і туалетны пакоі таксама агульныя. Аднамесны нумар каштуе 350 тысяч рублёў, двухмесны - 250 тысяч рублёў, чатырохмесны — 200 тысяч рублёў.

Да чэмпіянату свету па хакеі аэрапорт павінен быць, як новенькі

Аэрапорт, як і вакзал, — вароты горада. Вось чаму не варта здзіўляцца, што турысты, якія дабіраюцца да Мінска на самалёце, часта параўноўваюць беларускую сталіцу з Савецкім Саюзам — аэрапорт маральна састарэў. Яго пабудавалі ў 1983 годзе. І на той момант аэрапорт выглядаў даволі сучасна.

Вопыту, праўда, у беларускіх спецыялістаў не было.

Групу архітэктараў вырашылі адправіць у камандзіроўку па аэрапортах свету. Але павучыцца атрымалася толькі ў маштабах Савецкага Саюза, дзе пераважалі тыпавыя аэравакзалы без выгод. Замежныя камандзіроўкі дасталіся чыноўнікам. А падчас перабудовы перасталі рэгулярна паступаць грошы.

За гэты інвестыцыйны праект першапачаткова браліся кітайцы. Пад рэалізацыю быў створаны ўказ прэзідэнта, які гарантаваў падатковыя льготы інвестарам. Генеральным падрадчыкам па праекце была Усекітайская імпартна-экспартная кампанія дакладнага машынабудавання.

З беларускага боку была створаная «Дырэкцыя па будаўніцтве і рэканструкцыі аб'ектаў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск»». Праект абяцалі рэалізаваць да 2014 года: правесці рэканструкцыю аэравакзальнага будынка са стварэннем сучаснага міжнароднага пасажырскага транзітнага тэрмінала, абсталяваннем аэрапорта сістэмамі бяспекі і апавяшчэння і будаўніцтвам другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы з магчымасцю прыёму самалётаў А-380.

У дамове генпадраду, якую падпісваў кітайскі бок, кошт рэканструкцыі быў ацэнены ў 600 млн даляраў ЗША.

Аднак затым кітайская кампанія паведаміла, што ацэньвае інвестыцыйны праект больш чым у 1 мільярд даляраў.

Афіцыйны Мінск адмовіўся ад гэтай фінансавай лініі.

Нягледзячы на праблемы з інвестарам, у красавіку 2013 віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін заявіў, што рэканструкцыя нацыянальнага аэрапорта ўжо пачалася і будзе завершаная ў гэтым годзе. Задача — да Чэмпіянату свету па хакеі — 2014 прывесці аэрапорт у сучасны выгляд як вонкава, так і функцыянальна.

Паўгода таму генпадрадчыкам па рэалізацыі інвестпраекта было выбранае ААТ «Гроднапрамбуд». Згодна з указам прэзідэнта, прадпрыемства за год (з кітайцамі дамову заключалі на тры гады) мусіць ажыццявіць рэканструкцыю дзейнага аэравакзальнага комплексу і стварыць сучасны транзітны тэрмінал.

Праўда, на пашпарце аб'екта будаўнікі не сталі ўдакладняць тэрмінаў заканчэння праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?