24 кастрычніка, за тры дні да прыезду ў Мінск, дзе Мілен Фармэр прадставіць публіцы сваё новае шоў «Timeless», яна падпісала петыцыю кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».

Фота прадастаўлена Мілен Фармэр кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі»

Фота прадастаўлена Мілен Фармэр кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі»

Вядомая французская спявачка не засталася абыякавай, атрымаўшы зварот Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра «Вясна», у якім праваабаронцы распавялі ёй пра сутнасць праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі - апошняй краіне на еўрапейскай прасторы, дзе дагэтуль людзей пазбаўляюць жыцця ад імя дзяржавы.

«І не можа быць мэты больш высокай, больш святой, больш годнай за гэтую: пакончыць з пакараннем смерцю»,

- падпісаўшы петыцыю, Мілен Фармэр працытавала гэтыя радкі. Яны належаць французскаму пісьменніку Віктору Гюго, які ў прадмове да аповесці «Апошні дзень асуджанага» (1829) выступіў заўзятым праціўнікам смяротнага пакарання, запытваючыся, адкуль у аднаго чалавека з'яўляецца права пазбаўляць жыцця іншага, і сцвярджаючы, што яго роля - «роля заступніка за ўсіх магчымых падсудных, вінаватых або нявінных, перад усімі судамі і судзілішчамі, перад усімі прысяжнымі, перад усімі вяршыцелямі правасуддзя».

Актывісты кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», якая праводзіцца ў краіне з 2009 года, прапануюць падпісаць петыцыю сусветна вядомым асобам - каб падкрэсліць значнасць самой праблемы і прыцягнуць увагу людзей ва ўсім свеце да смяротнага пакарання як да праблемы, якая не ведае нацыянальных межаў.

У 2010 годзе петыцыю праваабаронцаў падпісаў вядомы брытанскі музыка Стынг, які выступіў з відэазваротам «Час змяніць гэта», а ў 2012 годзе кампанію падтрымала шведская спявачка Ларын, пераможца «Еўрабачання-2012».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?