Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, самая частая прычына сустаўных хвароб у пажылых людзей — гэта астэаартроз. Сёння 80% жыхароў краіны ва ўзросце ад 60 гадоў і болей пакутуюць на гэтую хваробу. Асноўны рост выпадкаў выяўлення астэаартрозу прыпадае на восень і зіму, калі традыцыйна абвастраюцца хваробы апорна-рухальнага апарата.

Аднак, па словах загадчыцы аддзела грамадскага здароўя ДУ «Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Надзеі Скрыннік, гэтая хвароба, як і многія іншыя, імкліва маладзее

Сітуацыю ўскладняе тое, што калі чалавек малады, астэаартроз можа 10—12 гадоў працякаць амаль бессімптомна.

Калі праблема выяўляецца, часта аказваецца, што працэс разбурэння суставаў зайшоў занадта далёка. Гэта здараецца ў тых выпадках, калі людзі абыякава ставяцца да свайго здароўя і не берагуць суставы ад золкага надвор'я.

У многіх, хто лічыў сябе цалкам здаровым, прыкметы астэаартрозу спецыялісты выяўляюць на рэнтгенаўскіх здымках пры абследаванні. Хоць болі, як правіла, да гэтага моманту ўжо турбуюць, людзі адмахваюцца ад іх, аддаючы перавагу таму, каб ператрываць, прыняць абязбольвальнае, намазаць балючае месца якім-небудзь цудадзейным крэмам або гелем, спісваючы недамаганне на дрэннае надвор'е і ўзрост. У выніку хворыя трапляюць да доктара, калі цярпець далей ужо проста няма сіл, калі таблеткі і мазі перасталі дапамагаць, а суставы распухлі, пачырванелі і баляць.

Больш за іншае пакутуюць суставы ног, на якія прыпадае максімальная нагрузка (тазавыя, каленныя, галёнкаступнёвыя) і сучляненні пазваночніка. Дэфармавальны астэаартоз пачынаецца непрыкметна, калі пасля 30 гадоў адбываюцца натуральныя ўзроставыя дэгенератыўныя змены храстковых тканак. Найбольш уразлівыя жанчыны ва ўзросце 45-55 гадоў, калі пачынаецца клімакс і ў жаночым арганізме адбываецца грунтоўная гарманальная перабудова.

Справакаваць развіццё астэаартрозу каленных і тазасцегнавых суставаў можа і такая бяскрыўдная праблема, як плоскаступнёвасць. Тут жанчыны таксама больш уразлівыя — яны пакутуюць ад ускладненняў плоскаступнёвасці у пяць разоў часцей, чым мужчыны, якіх ратуюць больш трывалыя, эластычныя звязкі і камфортны абутак. Да пяцідзесяці гадоў дэгенерацыя храстка дасягае свайго піку — сухія кавалачкі, не вытрымліваючы нагрузкі, «адломліваюцца», «рассыпаюцца», запаўняючы міжсустаўную прастору, і прычыняюць спачатку боль, а пазней выклікаюць запаленне абалонкі, высцілаючы сустаў. Ён распухае, павялічваецца ў аб'ёме, рэзка абмяжоўваецца яго рухомасць, з'яўляецца кульгавасць.

Храсток - прыродны амартызатар, які выключае трэнне паміж нашымі рухальнымі механізмамі - суставамі.

Ён пакрывае ўсю паверхню нашых суставаў, якім лёгка слізгаць па такой гладкай, пругкай абалонцы. Так адбываецца да таго часу, пакуль храстковая тканіна не пачынае старэць і разбурацца праз перагрузкі і з узростам — пры гэтым яна страчвае ваду, а разам з ёй і сваю пругкасць. Паступова храсток станчаецца, можа зусім знікнуць, і тады любы рух пачынае прыносіць боль.

«Першы сігнал і характэрная прыкмета астэаартрозу — лёгкі боль у суставе, які часцей за ўсё застаецца без увагі і забываецца. Боль, які праходзіць у стане спакою і якому дактары далі спецыяльную назву «механічны рытм болю» - другая характэрная прыкмета артрозу. Яшчэ адзін — стартавы боль, калі першыя крокі даюцца з цяжкасцю, але потым хада робіцца бадзёрай і упэўненай», — расказала Надзея Скрыннік.

Паводле яе словаў, так можа працягвацца гадамі. Але паступова боль дае пра сябе ведаць усё часцей. Да канца дня або ў пачатку ночы, у першыя хвіліны пасля сну бывае такое ўражанне, што сустаў закуты ў кайданы — гэта сіндром так званай «ранішняй скаванасці». Ранішні пад'ём з ложка ператвараецца ў сапраўдную пакуту, але, «расхадзіўшыся», чалавек паступова прыходзіць у сябе, і боль сціхае.

«Ранішняя скаванасць» з'яўляецца разам з прыпухласцю і ацёкамі ў вобласці суставаў. Нечакана можа паўстаць «блакада» сустава: раптоўны і рэзкі боль пранізвае яго пры павароце або няўдалым руху. Так дае аб сабе ведаць разбураны храсток, кавалачкі якога ўтыкаюцца ў паверхню сустаўных цягліц і прычыняюць пакуты», — папярэджвае спецыяліст. Паводле яе словаў, каб не трапіць у пастку хваробы, трэба ўсяго толькі выконваць нескладаныя рэкамендацыі медыкаў.

«Неабходна з юнацтва змагацца з фактарамі рызыкі - пераяданнем і лішняй вагой, з празмернымі фізічнымі нагрузкамі, якія траўмуюць суставы, каб у старэйшым узросце захаваць лёгкую хаду.

Лішнія кілаграмы ўвесь час «ціснуць» на апорна-рухальны апарат (пакутуюць не толькі суставы, але і наш хрыбет), метадычна руйнуючы апорныя храсткі. Калі вы пакутуеце на лішнюю вагу, вас турбуюць болі ў спіне, у нагах, давядзецца радыкальна перагледзець свой рацыён, сесці на дыету і заняцца рэгулярнымі фізічнымі практыкаваннямі», — раіць Надзея Скрыннік.

Вельмі асцярожнымі неабходна быць з фізкультурай і спортам, калі ўжо адчуваюцца болі ў суставах. Некаторыя віды спорту могуць сур'ёзна пагоршыць сітуацыю. «Напрыклад, хуткі бег, цяжкая атлетыка і падыманне цяжараў, вялікі тэніс, горныя і бегавыя лыжы, канькі, язда на ровары вельмі шкодныя пры паражэнні каленнага і тазасцегнавога суставаў», - папярэджвае спецыяліст.

Пры праблемных суставах будуць карысныя штодзённыя прагулкі, плаванне, аквааэробіка, сауна і лазня - пасільная рухальная актыўнасць і разагрэў сухім цяплом або парай не даюць хворым косткам «заржавець».

Чым харчавацца, каб максімальна засцерагчыся ад астэаартрозу?

Для нармальнай працы апорна-рухальны апарат чалавека мае патрэбу ў вітамінах і неабходных рэчывах, атрымаць якія можна альбо з дапамогай вітамінна-мінеральных комплексаў, альбо ўключыўшы ў рацыён прадукты, багатыя на вітаміны А, В, С, Е, D, кальцый і жалеза. Калі турбуюць болі ў суставах, на рэнтгене ўжо бачныя парушэнні ў структуры храстковай тканіны, трэба звярнуць асаблівую ўвагу на сваё меню і на тое, якое месца ў ім займаюць тлустыя мясныя стравы. З аднаго боку, іх нельга цалкам выключаць з рацыёну, бо ў мясе змяшчаецца бялок і вітамін F - тлустая арахідонавая кіслата, якая нам неабходная. Але з іншага боку, яе лішак можа выклікаць запаленне суставаў, таму спажыванне цяжкіх мясных прадуктаў давядзецца абмежаваць. Перавагу варта аддаваць птушцы і нятлустаму мясу.

Лепш больш есці рыбы, бо ў ёй змяшчаецца дастатковая колькасць поліненасычаных тлустых амега-3-кіслот, якія не даюць магчымасці арахідонавай кіслаце назапашвацца. Кіслоты амега-3 дапамагаюць арганізму ўтвараць супрацьзапаленчыя рэчывы, якія зніжаюць боль і запаленне пры артрозе і артрыце. Гэтыя кіслоты ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца не толькі ў рыбе, але і ў алеі (аліўкавым, кунжутным, ільняным).

Пры астэаартозе давядзецца выключыць з меню або абмежаваць спажыванне кавы, шакаладу, алкаголю, бульбы, кукурузы, круп. У рацыёне павінны быць масла, шмат малочных прадуктаў, багатых на кальцый, гародніны і садавіны, якія змяшчаюць біяфлаваноіды (прыродныя акісляльнікі) — вітаміны А, С і Е, мінералы селен, цынк, медзь і жалеза, а таксама нікатынавую і пантатэнавую кіслату. Першая зніжае боль і дае рухомасць суставам, а другая разам з групай вітамінаў В аднаўляе храстковыя тканкі. Вітаміны групы В, вельмі важныя для хворых на артроз, ёсць у цэльназернавым хлебе, фасолі, гароху, сачавіцы, апельсінах, бананах, разынках, яйках, курыным мясе, печанай бульбе, арэхах, капусце, малочных прадуктах.

Раслінны бялок можна атрымліваць з бабовых і грэчкі. Пры артрозе дактары рэкамендуюць часцей уключаць у меню жэле і халадзец, якія ўтрымліваюць вялікую колькасць калагену, што забяспечвае трываласць касцяной і храстковай тканкі. Але падчас прыгатавання жэле строга сочыце за колькасцю цукру: простыя вугляводы — цукар і прысмакі — спрыяюць павелічэнню вагі, што пры артрозе зусім недапушчальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?