Брэсцкі гарвыканкам аб'явіў грамадскае абмеркаванне назвы новай вуліцы, піша «Брестская газета».

Вуліца, пытанне пра назву якой павінна вырашыцца ў бліжэйшы час, пачынаецца ад скрыжавання праспекта Машэрава і вуліцы Зубачова, праходзіць па мосце Заходняга абходу, перасякае Варшаўскую шашу і ўліваецца ў Ковельскую.

З'явілася яна пасля заканчэння будаўніцтва першай чаргі Заходняга абходу і новага моста праз раку Мухавец.

Нагадаем, што 11 верасня на брыфінгу начальнік Брэсцкай мытні Леанід Досаў заявіў: «Сёння сотні вуліц у Брэсце, і няма вуліцы Таможенной, або няма вуліцы Мытнай. Учора мне Палышанкоў Аляксандр Сяргеевіч (старшыня Брэсцкага гарвыканкама — nn.by) яшчэ раз пацвердзіў, што будзе вуліца Мытная.

Вядома, гэта будзе не цэнтральная вуліца, гэта выключана. Але невялікая вуліца ў раёне мяжы, там, дзе Варшаўскі мост і новабудоўлі, будзе Мытная. Гэта вельмі доўгая працэдура, пытанне прапрацоўваецца. Але мы хацелі б да 75-годдзя».

На сайце Брэсцкага гарвыканкама паведамляецца, што гарадскія ўлады падтрымалі ініцыятыву мытнікаў і ўхвалілі назву новай вуліцы на беларускай мове — «Таможная», на рускай мове — «Таможенная».

Улады прапаноўваюць жыхарам горада Брэста прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні назвы вуліцы, якое будзе доўжыцца да 20 снежня 2013 года.

З прапановамі гараджан на чарговай сесіі будуць азнаёмленыя дэпутаты Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў, на сесіі будзе прынята рашэнне аб назве вуліцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?