ІІІ Беларускі праваабарончы форум адбываецца 26-27 кастрычніка 2013 года ў Вільні. Да ўдзелу ў Форуме запрошаны прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, міжнародныя і замежныя праваабарончыя структуры.

фота з фэйсбука Барыса Гарэцкага

фота з фэйсбука Барыса Гарэцкага

Падчас Форуму абмяркоўваюць сітуацыю ў праваабарончым руху, стан правоў чалавека ў Беларусі і на постсавецкай прасторы, магчымую стратэгію дзеянняў беларускіх праваабаронцаў.

На адкрыцці форуму сябра «Вясны» Тацяна Равяка адзначыла, што праваабарончы рух у Беларусі «разьвіваецца і пашыраецца». Паводле яе, доказам гэтага — склад удзельнікаў: цяперашні форум сабраў больш за 110 дэлегатаў з 25 арганізацыяў і ініцыятываў, якія маюць дачыненьне да праваабарончай дзейнасці, а ў 2010 годзе было толькі 17 арганізацый.

Як падкрэсьліла праваабаронца, апошнія гады — час сапраўдных выпрабаванняў, і выпрабаванні дагэтуль не скончыліся, паколькі лідар «Вясны» Алесь Бяляцкі ў зняволенні, а яго тэрмін — гэта «ацэнка ўладамі яго праваабарончай дзейнасці, выклік ўсёй праваабарончай супольнасці Беларусі».

Паводле Равякі, калегі па «Вясне» папрасілі Бяляцкага даслаць прывітальныя словы ўдзельнікам форуму, аднак праваабаронца не стаў гэтага рабіць, баючыся турэмнай цэнзуры. Замест гэтага ён перадаў, што «ў думках заўсёды побач», і папрасіў зарэзэрваваць для яго пустое крэсла.

Сёння плануецца абмеркаваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з моманту правядзення ранейшага форуму, перспектывы беларускага праваабарончага руху і разгледзець сітуацыю ў Беларусі ў цэлым у кантэксце постсавецкай прасторы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?