Масавая ўстаноўка лічыльнікаў вады ў Магілёўскай вобласці пачалася ў лютым. Паводле планаў, іх трэба ўсталяваць ва ўсіх шматкватэрных дамах. Агульная колькасць — 167 тысяч штук. Цяпер выканана 30 адсоткаў задання. І, з улікам працы ў мінулыя гады, на гэты момант расход вады ў палове кватэраў рэгіёна кантралюецца непасрэдна гаспадарамі.

Кіраўніцтва жыллёва‑камунальнай гаспадаркі скардзіцца, што цяжка было пераламіць псіхалогію людзей. Больш чым лозунгамі і заклікамі, жыхароў удалося пераканаць скідкамі: на працягу трох гадоў ўладальнікі лічыльнікаў плацяць за ваду на 20 адсоткаў меней. Акрамя гэтага, вопытным шляхам выяўлена: рэальнае спажыванне вады значна ніжэйшае за ўстаноўленыя нормы, якія трэба аплачваць без лічыльнікаў.

— Канечне, я пастаўлю прыбор, — не сумняваецца знаёмая магіляўчанка. — У большасці маіх суседзяў ужо ёсць свае лічыльнікі. І калі ў якой баблуі пацячэ ўнітаз, то я разам з ёй падзялю гэты фінансавы цяжар. А так буду плаціць сколькі спажыву, і не болей. Тым больш, увесь дзень я на працы, а на выхадныя з’язджаю на лецішча.

— А мне лічыльнік не патрэбен, — мае іншы погляд гаспадар кватэры ў Бабруйску. — Толькі што зрабіў рамонт, і нічога разбураць не буду. Ды і вада танная — я здольны заплаціць.

Вада сапраўды атрымліваецца пакуль недарагая — 256 рублёў за тысячу літраў. Аднак у яе цане палову скаладаюць выдаткі за энергію, таму рост тарыфаў на ваду непазбежны. А спецыялісты падлічылі, што ўстаноўка лічыльніка (цяпер гэта каштуе каля 160 тысяч рублёў, можна с растэрміноўкай да шасці месяцаў) акупіцца ў сярэднім за тры гады.

Акрамя гэтага, чалавек, які мае свой прыбор уліку, аўтаматычна эканоміць ваду. Таму што разумее: гэта выліваюцца яго грошы. У Магілёўскай вобласці раней за ўсіх сур’ёзна заняліся ўстаноўкай лічыльнікаў вады ў Бабруйску. Напярэдадні кампаніі там ужо вырашылі будаваць новую свідравіну, бо гораду не хапала вады. А цяпер пайшла такая эканомія, што не толькі адпала неабходнасць будаваць — а можна ставіць у рэзерв некаторыя з тых, якія працуюць. Пра гэта паведаміла абласное ўпраўленне ЖКГ.

Найбольш блізкія да поўнага ўсталявання лічыльнікаў вады ў шматкватэрных дамах сельскія раёны: большую часць працы выканалі ў Чэрыкаве, Слаўгарадзе, Мсціславе, Бялынічах і Клічаве. Але там і аб’ёмы непараўнальныя з абласным цэнтрам і Бабруйскам. Затое новая кампанія па ўстаноўцы лічыльнікаў будзе датычыцца прыватнага сектара — там, дзе водаправод праведзены ў дамы.

Паводле апошніх апытанняў, 40 адсоткаў насельніцтва — за ўстаноўку індывідуальных прабораў уліку вады, прыкладна 20 — катэгарычна супраць, а 35% яшчэ не вызначыліся канчаткова. Менавіта апошнюю частку цяпер актыўна пераконваюць: устанавіце лічыльнікі і вучыцеся эканоміць грошы.

Сяргей Гутарэвіч, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0