Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх заяўляе, што беларускія спецслужбы не маюць дачынення да інцыдэнту з затрыманнем былога менеджара БКК Дзьмітрыя Самойлава ў Маскве.

Артур Стрэх: «Ня трэба быць прафэсіяналам, каб пабачыць абсурднасьць інфармацыі, якая распаўсюджваецца асобнымі інтэрнэт-рэсурсамі. Гэтая інфармацыя да таго ж носіць яўна правакацыйны характар.

Вядома, што на дадзены момант Сьледчы камітэт РФ рыхтуе дакумэнты для экстрадыцыі на тэрыторыю РФ Уладзіслава Баўмгертнэра, дзе зь ім і зь іншымі фігурантамі так званай «калійнай справы« будуць праводзіцца неабходныя мерапрыемствы расейскімі праваахоўнымі органамі, у якіх дастаткова магчымасьцяў для правядзеньня апэратыўна-сьледчых дзеяньняў і забесьпячэньня аб’ектыўнага расьсьледаваньня гэтай справы.

Апроч таго, не выклікае ніякіх сумненьняў узровень кампэтэнтнасьці і прафэсіяналізму супрацоўнікаў ФСБ, які дазваляе выключыць магчымасьць працы супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

А адзнаку дзеяньням супрацоўнікаў службы бясьпекі «Ўралкалія» і іхняму псыхалягічнаму стану павінна даваць кіраўніцтва кампаніі, а не КДБ».

Артур Стрэх пацьвердзіў Радыё Свабода, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам дзеяньні супрацоўнікаў КДБ на тэрыторыі РФ немагчымыя.

«Гэта выключана, — кажа Артур Стрэх. — Вы можаце сабе ўявіць, як два сяржанты паліцыі з боем адбіваюць у супрацоўнікаў КДБ мэнэджэра «Ўралкалія»? Гэта проста абсурд».

Артур Стрэх заяўляе, што КДБ ня мае зьвестак пра тое, калі адбудзецца экстрадыцыя Ўладзіслава Баўмгертнэра ў Расею: «Па гэтыя зьвесткі трэба зьвяртацца ў Сьледчы камітэт».

На пытаньне, ці мае дачыненьне КДБ РБ да расьсьледаваньня справы Ўладзіслава Баўмгертнэра і іншых мэнэджэраў БКК, Артур Стрэх адказвае: «Не».

Пасьля інцыдэнту на Ленінградзкім вакзале ў Маскве, дзе ў мінулую пятніцу супрацоўнікі спэцслужбаў Беларусі паспрабавалі затрымаць грамадзяніна Расеі, аднаго з топ-мэнэджэраў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія » (БКК ) Дзьмітрыя Самойлава, служба бясьпекі «Ўралкалія» ўзяла пад ахову ўсіх супрацоўнікаў кампаніі, да якіх праяўляюць апэратыўную цікавасьць беларускія сілавікі.

Як паведаміла расейская газэта «Известия», у кампаніі расцэньваюць рызыку іх затрыманьня як высокую. Паводле службы бясьпекі «Ўралкалія», супрацоўнікі КДБ Беларусі ўсталявалі ў Маскве кругласутачныя пасты і сочаць адразу за некалькімі мэнэджэрамі «Ўралкалія».

У кампаніі пацьвердзілі, што ў мінулую пятніцу супрацоўнікі КДБ Беларусі паспрабавалі затрымаць на Ленінградзкім вакзале топ-мэнэджэра БКК Дзьмітрыя Самойлава, які ехаў у Санкт-Пецярбург.

Некалькі апэратыўнікаў у цывільным зьнялі яго проста зь цягніка і паспрабавалі вывесьці з вакзалу, аднак бізнэсмэн падняў шум, які прыцягнуў увагу мясцовай паліцыі. Пасьля нядоўгіх разбораў у аддзяленьні супрацоўнікі КДБ мусілі саступіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?