«Я буду заклікаць да санкцый, бо, паверце, яны працуюць», — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, выступаючы 29 кастрычніка на канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі» ў Вільні.

«Лукашэнка разумее толькі мову санкцый, — падкрэсліў былы палітвязень, які атрымаў прыстанак у Вялікабрытаніі.

— Павінна быць жорсткая лінія ў дачыненні да дыктатара і яго рэжыму і адначасовае ўцягванне ў дыялог беларускага грамадства».

Саннікаў таксама лічыць неабходным адмяніць візы для простых беларускіх грамадзян.

Паводле яго меркавання, гэта вельмі добрая магчымасць падтрымаць менавіта простых беларусаў. «Адмена віз больш узмоцніць сімпатыі беларусаў да ЕС, чым нейкія заявы», — мяркуе палітык.

Паводле слоў Саннікава, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе «стварылася акно магчымасцяў» для зменаў у Беларусі, але ім не скарысталіся.

«У Еўропы не было разумення і веры, што ў Беларусі можа штосьці адбыцца і змяніцца. Апазіцыя выйгравала выбары, і я быў кандыдатам-лідарам. Чаму Еўропа жорстка не паставіла пытанне пра легітымнасць Лукашэнкі, незразумела», — адзначыў палітык.

Ён назваў вельмі небяспечнымі спробы ЕС «гуляць у лібералізацыю» з беларускімі ўладамі.

«Пасля кожнай такой спробы сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, — сказаў Саннікаў. — Калі Еўропа гатовая ўзяць на сябе адказнасць, прычым персанальную адказнасць, за далейшыя рэпрэсіі і забойствы ў Беларусі, няхай працягвае сваю палітыку ўцягвання рэжыму ў дыялог».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?