Становішча дзевяці палітзняволеных у Беларусі крытычнае, свабода яшчэ 32 актывістаў сур`ёзна абмежавана. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

У дакуменце, тэкст якога размешчаны на сайце «Вясны», адзначаецца, што дзевяць палітзняволеных — Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Яўген Васьковіч, Андрэй Гайдукоў, Мікалай Дзядок, Эдуард Лобаў, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка і Мікалай Статкевіч — «пастаянна зведваюць пакаранні».

У дачыненні да іх «рэзка пагаршаюцца і без таго нялёгкія рэжымы ўтрымання, якія абмяжоўваюць іх сродкі да існавання, якасць харчавання і медыцынскай дапамогі».

Акрамя таго, «пазбаўленне спатканняў са сваякамі, абмежаванне карэспандэнцыі і пастаянны націск з мэтай атрымання просьбы аб памілаванні дапаўняюць фізічныя выпрабаванні псіхалагічнымі, набліжаючы ўмовы ўтрымання палітзняволеных да жорсткага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання».

Праваабаронцы таксама звяртаюць увагу, што свабода 32 грамадзян Беларусі, якія не знаходзяцца ў месцах зняволення, цяпер сур`ёзна абмежавана ў выніку іх асуджэння або пераследу па палітычна матываваных крымінальных справах.

Двое з іх прыгавораны да абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, трое знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам. Акрамя таго, у дачыненні да 27 асуджаных і вызваленых датэрмінова не была пагашана судзімасць, што пазбаўляе іх многіх грамадзянскіх і палітычных правоў, у тым ліку правоў балатавацца на выбарах або займаць пасаду дзяржаўнага служачага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?