Жыхары Берасьцейшчыны назіраюць масавы лёт буйных матылёў – звычайных языканаў і бярозкавых бражнікаў.

Як распавёў навуковы супрацоўнік Інстытута заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Кулак, гэта рэдкая для Беларусі зьява. Звычайна такія віды сустракаюцца ў адзінкавых выпадках. А іх масавае зьяўленьне ў нашай краіне можна патлумачыць сьпякотным летам.

Звычайныя языканы і бярозкавыя бражнікі прылятаюць у Беларусь з паўднёвых краін для размнажэньня. Найбольшая іх колькасьць сустракаецца ў паўднёвай часткі рэспублікі. У цэлым у Беларусі можна ўбачыць каля 18 розных відаў бражнікаў.

Буйных матылёў часта блытаюць з самай маленькай на Зямлі птушкай – калібры. Каляровая афарбоўка некаторых бражнікаў падобная да афарбоўкі калібры, а хуткасьць работы крыламі ў матылёў настолькі высокая, што дэталёва разгледзець іх часам вельмі складана. «Жыхары Беларусі пэрыядычна паведамляюць навукоўцам аб "знаходцы" самага маленькага віду птушак, аднак ім тлумачаць, што зафіксаваны “цуд” зьяўляецца ня птушкай, а жамярой», — адзначыў Анатоль Кулак.

Языкан звычайны — бражнік з размахам крылаў 40-50 мм. Гэты від распаўсюджаны ў Эўропе, Паўночнай Афрыцы, Паўднёвай Індыі і ў сярэдняе паласе Азіі. Харчуецца нэктарам, які здабывае, завісаючы над кветкамі. Бярозкавы бражнік – адзін зь відаў самых буйных эўрапейскіх матылёў зь цёмна-сінімі крыламі, на якіх разьмешчаныя сьветлыя палосы. Размах крылаў дасягае 120 мм, даўжыня хобату — 100 мм. Гэты від актыўны ў вечаровы і начны час сутак, падчас палёту даволі гучна бзыкае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?