(на матыў Bella chao)
«Выбар сьдзелан, усё бясспорна, –
прасьвяшчаў, прасьвяшчаў, прасьвяшчаў эфір, –
а ў іх палатках – шпрыцы і порна,
у іх бутэльках – не кефір!»
На экране жыцьцё стабільным
абвяшчаў, абвяшчаў, абвяшчаў канал,
ды на плошчы мент у цывільным
мяне ва ўсім пераканаў.
Кожны вечар як жыць маральней
павучаў, павучаў, павучаў TВ,
а па дарозе да прыбіральні
б’юць за мараль па галаве.
Ноч на плошчы была цікавай:
як гучаў, як гучаў, як гучаў наш сьпеў!
Ды забралі за тэрмас з кавай –
выпіць залпам не пасьпеў.
Гаварылі: «Ён адмарозак!»
Ён маўчаў, ён маўчаў, ён маўчаў пра сьцяг.
«Там, на плошчы, няма цьвярозых», –
скажуць зранку ў «навасьцях».
«Хуліганіў, – казалі сьведкі, –
парушаў, парушаў, парушаў закон».
А на плошчы жывыя кветкі
грэб у сьметніцы амон.
Значыць, будзем стаяць на лёдзе –
падкачаў, падкачаў надыход вясны.
Але свабода ізноў у модзе,
але свабодзе ня скажаш «годзе!»,
але свабода шчэ на свабодзе,
на свабодзе – нашы сны!