Паводле ўдакладненых звестак, у абноўлены спіс беларускіх чыноўнікаў, якія трапляюць пад санкцыі ЕС, унесены тры чалавекі, а не два, як паведамлялася раней.

Акрамя начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі № 2 (там адбывае пакаранне асуджаны праваабаронца Алесь Бяляцкі) Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко, у спіс уключаны Аляксандр Лапатка, які на сайце Афіцыйнага часопіса ЕС значыцца як намеснік начальніка Мазырскай папраўчай калоніі № 9 (раней у СМІ Лапатка фігураваў як намеснік начальніка Горацкай калоніі № 9, дзе ўтрымліваўся палітвязень Зміцер Дашкевіч, лідар «Маладога фронту»).

Як тлумачыць ЕС, Лапатка ўключаны ў спіс чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі, за «негуманнае абыходжанне з Дзмітрыем Дашкевічам, у тым ліку за прымяненне катаванняў і адмову ў доступе да адваката». «Лапатка выкарыстоўваў пагрозы фізічнага і сэксуальнага насілля для таго, каб прымусіць зняволенага падпісаць прашэнне аб памілаванні», — гаворыцца ў паведамленні, паведамляе БелаПАН.

Сам Зміцер Дашкевіч мяркуе, што Лапатку ўнеслі ў «чорны спіс» проста па інэрцыі.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Дашкевіч сказаў:

«Ён, у прынцыпе, пакідае ўражанне аднаго з найбольш адэкватных людзей і ў Горацкай калоніі, і ва ўсёй іншай сістэме Беларусі.

Ён па адукацыі, што цікава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Асноўныя рэпрэсіі, калі я быў у Горацкай калоніі, здзяйсняў кіраўнік аператыўнага аддзела Петраковіч. Ён расстаўляў блатных, і гэтыя блатныя выконвалі ўсё, што ён скажа — выконвалі розныя рэпрэсіі, збівалі людзей, учынялі разборкі «па паняццях» і гэтак далей».

Па словах Дашкевіча, Лапатка быў намеснікам кіраўніка Горацкай калоніі, калі ў папярэдні «чорны спіс» ЕС унеслі тагачаснага кіраўніка Кавалёва. Потым Кавалёў пакінуў сваю пасаду, а Лапатка заняў месца кіраўніка калоніі. Верагодна, кажа былы палітвязень, Лапатку ўнеслі ў спіс па інэрцыі — на месца Кавалёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0