Ёсьць, халера, лёгкае адчуваньне подласьці ў прапанове адмовіцца ад Каралеўства Мяккіх Знакаў. Піша ў сваім блогу Сяргей Дубавец.

Правапісная дыскусія дасьпела да таго, каб можна было зрабіць першыя высновы. Пакуль іх дзьве. Першая. Гаворка не пайшла ў рэчышча прапановаў на тэму «што рабіць». Дыскутанты ня кінуліся навыперадкі выкладаць свае стратэгіі, адна за адну лепшыя, не асьляпілі візіямі сонечнага заўтра, а толькі ўнурана пакусвалі адзін аднога, дэманструючы пры тым разнабой у абодвух правапісах, а часам і нахабную непісьменнасьць у прынцыпе. Здаецца, усе засталіся пры сваім. У гэтым сэнсе дыскусія выйшла бясплённай. Інакш, мабыць, і не магло быць. Sorry.

Для мяне плён выявіўся ў іншым. І гэта другая выснова. «Тарашкевіца» была ў свой час заяўленая як знак новага антаганізму — перамен супраць застою, Эўропы супраць саўка, сапраўднай беларушчыны супраць БССРаўскай дэкаратыўнай. Ці была гэта памылка і ці магло быць інакш тады, напрыканцы 1980‑х? Ня ведаю, магчыма. Калі б гэтага ня здарылася, «НН» не было б дакладна, а значыць, не было б і тых, каго яна паклікала да жыцьця. Затое, магчыма, было б нешта іншае. Можа быць, «Свабода» не скацілася б да білінгвізму, бо пачувала б сябе «на краі», на варце прынцыпу, а ў выніку ня збэсьцілася б і ня зьнікла. Можа быць, калі б вакол «клясычнага» правапісу аб’ядналіся ўсе сьвядомыя і налеглі дружна, шчыльна… як на касьбе… Але й гэтага не адбылося. Носьбіты «тарашкевіцы» сышлі ў элітарызм, а сам знак новага антаганізму надоўга лёг пад сукно. І вось цяперашняя дыскусія (для мяне) стала пэўным продыхам у гэтай падсуконнай задусе. «Клясычны» правапіс больш ня мусіць успрымацца знакам антаганізму і знакам палітыкі, а толькі — эстэтыкі. Яшчэ раз sorry.

Ёсьць, халера, лёгкае адчуваньне подласьці ў прапанове адмовіцца ад Каралеўства Мяккіх Знакаў. І ёсьць адчуваньне ідыятызму ў тым, каб надалей сядзець у накрэсьленым коле гэтай любаснай сэрцу мікрабеларушчыны — бяз руху, адчуваючы сябе ссохлай мухай у павучыне ўпаўнаважанага Саўкі. Што выбраць між ідыятызмам і подласьцю? Ці — як палагодзіць іх? Адказу няма, бо ідыятызм і подласьць — твае, яны — у табе і з тваіх уласных учынкаў вынікаюць.

Калі так, адзінае выйсьце — вярнуцца да той рысы, калі ўчынкі яшчэ не былі ўчыненыя, калі «дрэвы былі вялікімі», калі сьвет навокал быў дадзенасьцю, калі на горад ты глядзеў ня вокам прараба перастройкі (ня так пастроілі!), а вокам дзіцяці, юнака, што ў сваім асяродку сьвіціцца ўнутраным сьвятлом, чытаючы Гарэцкага або Караткевіча і яшчэ ня думаючы пра тое, як гэта надрукавана, яшчэ нічога ня ломячы, а толькі пачынаючы сьледам складаць свае ўласныя вершы…

Эх, сонечныя былі дзянькі… Дзяўчынку з дому насупраць клікалі Ленка…

Пасьля ты вырасьцеш, усё зразумееш, зьвінаваціш (выкрыеш!) «наркамаўку» і супрацьпаставіш ёй «тарашкевіцу». Але ў цябе ня хопіць прухі, каб перавыдаць добрым правапісам сваіх Гарэцкага і Караткевіча — усю літаратуру, дый уласныя вершы тым часам пісацца перастануць. Ты яшчэ пасьпееш выдаць Быкава, Адамовіча, яшчэ дзясяткі два кніг «тарашкевіцай» (наклады будуць соценныя, а аўдыторыя — усенародная), складзеш слоўнік НН — на ўздыме, разумеючы, што твая альтэрнатыва патрабуе насычэньня, што нельга толькі адмаўляць, што «адмаўляеш — прапануй». Але ты ня здолееш падмяніць сабою дзяржавы, якая да таго ж будзе ўсяляк замінаць табе і з выданьнямі і з распаўсюдам.

І тады ты станеш ствараць міты. Sorry. Пра тое, што «тарашкевіцай» карыстаецца большасьць сьвядомых, большасьць дэмакратычных, большасьць інтэрнэту. На нейкім этапе табе самому здасца, што можа наступіць пералом. Але… Гэта была хлусьня.

Ты, можа быць, хацеў выгадаваць чароўную кветку, фантастычную Праўду, бясконца салодкую Свабоду. Атрымалася тое, што й летась на Плошчы. Чароўная кветка можа ўзысьці і ў люты мароз, нават сярод ночы, нават на голым бруку… Але зусім ненадоўга. Зусім ненадоўга.

Цуд доўжыцца імгненьне і застаецца ў душы на ўсё жыцьцё. Як «водсьвет валошак», як вера падсьвечвае штодзённасьць і надае ёй сэнс, так «тарашкевіца» душою жыве ў «наркамаўскім» целе і сьведчыць пра тое, што мова жывая. Выходзіць, супраць праціўнага грэшнага цела кінуў ты змагацца чыстую й прыўкрасную душу?

Так нарадзілася трэцяя выснова. Дзякуючы правапіснай дыскусіі і ўсім яе ўдзельнікам, я (а можа й яшчэ нехта) адказаў сабе на вярэдлівае пытаньне — у якім гэта корку мы заселі ўзьліп і сядзім тут ужо шмат гадоў? Што гэта ўсё значыць і як з гэтае скамянеласьці выкараскацца? Выснова бязьмерна эгаістычная (як, выглядае, і сама ініцыятыва дыскусіі). Sorry.

Іван Сай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0