Гэта самае буйное месца пахавання жыхароў абласнога цэнтра, і тут знайшлі апошні спачын колішнія пачынальнікі дэмакратычнага руху ў Віцебску: Сяргей Цярэнцьеў, Алесь Мудрычэнка, Алена Залеская і Раман Салаўян.

Ініцыятар традыцыі адведваць на Дзяды могілкі аднадумцаў — Барыс Хамайда. Гэтыя штогадовыя паездкі на могілкі бываюць нешматлікія. Удзельнікі едуць грамадскім транспартам, бяруць з сабой кветкі, сьвечкі і працоўныя прылады, каб добраўпарадкаваць пахаванні.

Сёлета бел-чырвона-белыя сьцягі першымі залуналі над магілай Алены Залескай, былой старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пад сцягамі актывісты прыбралі месца пахавання, запалілі знічку ды ўсклалі кветкі. Згадалі, колькі давялося перажыць гэтай ужо немаладой тады спадарыні, калі яе затрымлівалі за ўдзел у апазіцыйных акцыях, як ці не ўтрая маладзейшыя міліцыянты круцілі ёй рукі ды ўпіхвалі ў машыны, і як годна яна потым трымалася на судах...

Сярод прысутных быў актывіст Аляксандр Салаўян, бацька пахаванага на гэтых могілках Рамана Салаўяна. Гэты хлопец сышоў у лепшы сьвет нечакана і трагічна. Але яго часта згадваюць тыя, хто бачыў пікеты каля так званага «сіняга дома» ў Віцебску. Раман Салаўян колькі разоў выходзіў туды разам з Барысам Хамайдам і Уладзімірам Плешчанкам, таксама ўжо нябожчыкам.

Дагэтуль згадваюць у Віцебску і Алеся Мудрычэнку, аднаго з  першых сяброў БНФ. Сяргей Цярэнцьеў таксама быў адным з першых віцебскіх «фронтаўцаў». І жыццё склалася так, што добраўпарадкаванне ягонай магілы стала выключна клопатам яго сяброў. Штогод актывісты прыносяць кветкі.

На кожнай адведанай магіле засталася гарэць знічка. Па чарзе над кожнай луналі бел-чырвона-белыя сцягі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?