Год таму ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла чытанка для дзяцей «Азбукоўнік і лічылка», укладзеная Зосяй Куставай і аформленая мастаком Уладзімірам Пашчасцевым.

Тую кнігу раскупілі вокамгненна. З 2000 асобнікаў у кнігарні трапіла ўсяго 150, усё астатняе замовілі бібліятэкі.

І вось цяпер чытачам прапануецца новая кніга «Лучынка». Выданне прызначанае для сямейнага чытання. Укладальнік кнігі — Зося Кустава, аўтар ідэі — Валянціна Салаўёва. Асобнай увагі заслугоўвае Мая Пракаповіч — мастак-ілюстратар.

«Маладая таленавітая мастачка Мая Пракаповіч здолела дакладна перакласці на мову выяўленчага мастацтва ідэі выказаныя моваю словаў», — кажа ўкладальнік кнігі.

— «Філасофскае, сімвалічнае і індывідуальнае ўспрыняцце мастаком-ілюстратарам свету насычае і расквечвае тэксты, стварае атмасферу лёгкай нязмушанай гутаркі паміж творам і малюнкам, дзе, разам з тым, чутно поўнае суладдзе суразмоўцаў.

Тонкі каларыт расквечвае закладзеную мэту асветы і выкрывае бясконцасць новых адценняў святла лучынкі, дзе адной высакароднай ідэяй прасякнута кожная старонка кнігі. Гэтая высакародная ідэя і шматгалосая палітра вобразаў трывала знітаваны супрацай мастака і ўкладальнікаў».

Чаму «Лучынка»

Новая кніга невыпадкова атрымала назву «Лучынка». Вось што пра яе паходжанне расказваюць яе стваральнікі.

«Лучынка (ад слова лучына) — доўгая, сухая, зазвычай сасновая з прыемным смаляным пахам шчэпка, якой даўней асвятлялі сялянскія хаты. Слова «лучынка» звязана з прыродай, з чалавекам, з яго побытам, жытлом, якая сваім таямнічым казачным святлом яна рабіла ўтульнай.

Раней пры лучыне выконвалі разнастайную працу, святкавалі, спраўлялі вяселлі, сумавалі, чыталі. Яе чарадзейнае святло заварожвала, трымала ля сябе магічнай сілай жывога агню.

Кніга атрымала такую назву «Лучынка», таму, што яна нясе святло, а значыць асвету, навучанне, адукацыю. Амаль сто гадоў таму беларуская паэтка Цётка (Алаіза Пашкевіч) была рэдактарам аднайменнага часопіса».

Для каго «Лучынка»

Сённяшняя чытанка «Лучынка» — гэта індывідуальная самастойная школка-вучэльня па авалодванні вуснай роднай мовай, умоўна кажучы — школка для малых і вучэльня для дарослых.

Аўтары ўпэўнены, што казачнае ўвасабленне жывога агню школкі-вучэльні «Лучынка» асвеціць далейшы шлях усім, хто далучыцца да вывучэння і больш глыбокага ўспрымання роднай мовы праз слова, словазлучэнне, сказ і тэкст.

Пра што «Лучынка»

Чытачы змогуць пазнаёміцца з культурай мовы і паводзін, моўным этыкетам на аснове творчага падыходу да літаратурнага матэрыялу, што, на думку аўтараў, спрыяе больш глыбокаму засваенню класічных і сучасных твораў беларускіх пісьменнікаў. У кнізе ёсць раздзел і для аматараў паэтычных радкоў сусветна вядомых паэтаў у перакладзе на беларускую мову.

«Лучынка» знаёміць чытачоў з вытокамі прыгажосці роднай мовы, вучыць спазнаваць і разумець залацінкі народнай мудрасці, карыстацца крылатымі выслоўямі, умець разважаць і жартаваць.

«Лучынка» ўтрымлівае канкрэтныя практычныя заданні, заснаваныя на матэрыяле роднага слова з літаратурных твораў беларускіх і замежных пісьменнікаў, вуснай народнай творчасці, якія могуць выкарыстоўвацца ў сямейнай педагогіцы, выхавальнікамі дашкольных ўстаноў, настаўнікамі пачатковых, сярэдніх і старэйшых класаў на ўроках.

«Лучынка» — гэта сямейная чытанка для дзяцей і дарослых, кніга для ўсіх беларусаў.

Наклад нова кнігі складзе 2500 асобнікаў, у бліжэйшыя дні «Лучынка» з’явіцца ў продажы па кнігарнях Беларусі — 250 экзэмпляраў замовіла БелКніга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?