Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць у Беларусі «туркменскі астравок» з інтэрнатамі або гасцініцамі для студэнтаў з Туркменістана.

Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў падчас перамоваў з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым ў Ашхабадзе 5 лістапада, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Лукашэнка падзякаваў Бердымухамедаву за высокую ацэнку адукацыйных паслуг, што прадастаўляюцца Туркменістану ў Беларусі.

На сёння ў нашай краіне вучацца больш за 8 тысяч туркменскіх студэнтаў.

Акрамя таго, у сувязі з будаўніцтвам Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна.

«Калі гэта будзе трэба туркменскаму боку, мы будзем і далей удасканальваць гэты працэс. Вы сказалі аб тым, што зацікаўлены ў адкрыцці падобнага цэнтра па падрыхтоўцы спецыялістаў сярэдняга звяна ў Туркменістане, — сказаў Лукашэнка Бердымухамедаву. — Мы гатовыя гэты вопыт перадаць, таму што цалкам захавалі ў Беларусі гэты накірунак».

Лукашэнка падкрэсліў, што супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы садзейнічае ўмацаванню ўзаемаразумення і сяброўскіх адносін паміж народамі.

Ён таксама акцэнтаваў увагу на супрацоўніцтве ў галіне культуры. Лукашэнка, у прыватнасці, згадаў гастролі ў Беларусі групы «Туркменскія джыгіты» Дзяржаўнага цырка Туркменістана.

Дасягнута дамоўленасць аб чарговым абмене днямі культуры Беларусі і Туркменістана ў 2014-2015 гадах. Лукашэнка лічыць, што гандлёва-эканамічныя адносіны дзвюх краін развіваюцца вельмі паспяхова: «Дай бог, каб з усімі дзяржавамі было так. За пяць гадоў у пяць разоў вырас тавараабарот. Гэта вельмі добрыя тэмпы для нашых краін».

«Мы і далей будзем вельмі чуйна рэагаваць на вашы просьбы, рабіць усё, што пажадае туркменскі бок па стварэнню і развіццю сумесных вытворчасцей як у Беларусі, так і ў Туркменістане», — запэўніў Лукашэнка.

Што тычыцца сферы палітыкі і дыпламатыі, кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі і Туркменістана ніколі не было на гэты конт рознагалоссяў, бакі маюць адзіныя погляды на міжнародны парадак дня і актыўна падтрымліваюць адзін аднаго на пляцоўках розных міжнародных арганізацый.

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў нагадаў, што ў гэтым годзе споўнілася 20 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам, і за гэты перыяд бакам удалося многае зрабіць у развіцці адносін па розных накірунках.

У гандлёва-эканамічнай сферы асноўным праектам прэзідэнт Туркменістана назваў будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па вытворчасці калійных угнаенняў.

Бердымухамедаў заявіў аб зацікаўленасці туркменскага боку ў далейшым развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы культуры, навукі, адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?