У суботу, 9 лістапада, чарговы раз чэмпіён краіны па футболе (а гэта восьмы раз запар БАТЭ) можа вызначыцца датэрмінова. Каб у 10-ы раз заваяваць залатыя медалі першынства (1999, 2002, 2006—2012), БАТЭ у Жодзіне дастаткова згуляць унічыю з «Тарпеда-БелАЗам».

Матч пачнецца а 17-й гадзіне і будзе паказаны ў прамым эфіры адразу па двух каналах — Беларусь-2 і Беларусь-5.

Нагадаем, што 12 кастрычніка Віктар Ганчарэнка, які прывёў БАТЭ да пяці чэмпіёнства і пяць разоў выводзіў у групавы раўнд еўракубкаў, падпісаў кантракт з краснадарскай «Кубанню» (яна сёння гуляе ў Лізе Еўропе), а барысаўскі клуб ўзначаліў Аляксандр Ермаковіч.

Фота Настассі Храловіч.

Фота Настассі Храловіч.

На першую прэс­-канферэнцыю Аляксандр Ермаковіч прыйшоў у блакітнай кашулі, пад колер вачэй.

Выглядае ўсё яшчэ няўпэўненым. Не адразу прывыкаеш да такой цікавасці. Да гэтага Ермаковіч паспяхова знаходзіўся за не самай шырокай, але вельмі надзейнай спінай Віктара Ганчарэнкі. Цяпер Віктар Міхайлавіч спрабуе паладзіць з французам Джабрыэлем Сісэ і іншымі зоркамі краснадарскай «Кубані». Барысаўскае гаспадарства ж пакінутае на Аляксандра Ермаковіча.

Новаму рулявому 39 гадоў. Ён нарадзіўся ў Лунінцы. Прафесійную кар’еру пачынаў у славутай «Атацы­-Аўры». Больш вясёлай каманды ў Беларусі не было ніколі. Узначальваў яе харызматычны Якаў Шапіра, на жаль, ужо нябожчык. Кажуць, у Шапіры не было вялікіх футбольных ведаў, але больш тонкага псіхолага ў айчынны футбол не ведаў. Практычна ніхто з той «Атакі­-Аўры» не згубіўся.

Ермаковіч, як і многія іншыя аднаклубнікі, перабраўся ў БАТЭ. Разам з барысаўцамі ён прайшоў шлях ад першага чэмпіёнства ў 1999 да першага ўдзелу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў у 2008. Якраз у той год Ермаковіч і скончыў кар’еру, перайшоўшы на трэнерскую працу.

У БАТЭ пераемнасць ужо ўвайшла ў культ. За 17 гадоў існавання ў клуба было 4 трэнеры. Прычым ніводны не запрашаўся аднекуль збоку. Узначальваць каманду давяралі памочніку папярэдняга настаўніка. Так было з Крывушэнкам, Ганчарэнкам, цяпер з Ермаковічам. Гэта адна з дэталяў, чаму прыхільнікі называюць БАТЭ «сям’ёй», а праціўнікі — «сектай».

Ермаковіч гуляў на пазіцыі апорніка. Ён быў добрым футбалістам, але так ні разу і не атрымаў выкліку ў нацыянальную зборную.

Прэс-­сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч апекаваўся над Ермаковічам. «Кіраўніцтва клуба прасіла бліжэйшыя два месяцы не турбаваць новага трэнера з просьбамі аб інтэрв’ю».

Калі казаць пра стыль паводзінаў Віктара Ганчарэнкі з журналістамі, то выцягнуць з яго нешта, калі ён не хацеў, не атрымлівалася нават абцугамі. Але дзесьці раз на год настаўніка прарывала на шчырыя гутаркі. Адну з такіх ён даў падчас анлайну на «Нашай Ніве», дзе расказаў пра бацьку — ліквідатара Чарнобыльскай катастрофы і шмат усяго іншага.

Ермаковіч быў вельмі скупы на словы. Голас у яго ціхі, даводзілася прыслухоўвацца да сказанага. Карацей, уражанне зрабіў чалавека не жорсткага. Адсюль і пытанне, а што рабіць з такім характарам, калі клубу патрэбны «наганяй».

«Паверце, знойдзем рэзерв, як закруціць гайкі», — адказаў Ермаковіч. І тут сапраўды паверылася. Абы­каму гендырэктар БАТЭ Анатоль Капскі трэніраваць сваё «дзецішча» не дазволіць.

Стала вядома, што прапанова ад Капскага была агучаная яшчэ ў пачатку года. Задоўга да правалу БАТЭ ў казахстанскіх стэпах.

Галоўны рэдактар «Салі­дарнасці» Аляксандр Старыкевіч спрабаваў даведацца, якая ж галоўная праблема барысаўскага клуба на сённяшні момант. «У нас няма асаблівых праблемаў», — адказаў Ермаковіч. На цяперашні момант БАТЭ апярэджвае салігорскі «Шахцёр» на восем пунктаў у чэмпіянаце краіны. І амаль ніхто не сумняецца ў чарговым чэмпіёнстве барысаўцаў.

Атрымаць канкрэтных адказаў аб селекцыі каманды на будучы сезон было немагчыма. Ермаковіч абыходзіўся агульнымі фразамі, гэтак рабіў і Ганчарэнка. Увогуле ж новы трэнер БАТЭ назваў Ганчарэнку трэнерам, які найбольш паўплываў на яго.

«Перад дэбютнай гульнёй у Гомелі стэлефаноўваліся з Ганчарэнкам, раіліся. Але ўсе рашэнні прымаў я самастойна», — кажа Аляксандр.

«Мой заробак мяне задавальняе, — кажа Ермаковіч. — Ці павялічыўся ён? Безумоўна».

Такім было першае знаёмства з новым тварам БАТЭ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?