Андрэй Тур

Беларускі ўрад не задаволены тэмпамі рэарганізацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Пра гэта на прэс‑канфэрэнцыі, прысьвечанай мерам, што прымае дзяржава па ўрэгуляваньні праблемаў у прадпрымальніцкім асяродзьдзі, паведаміў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур. Па стане на 15 верасьня ў ПУП перааформіліся 169 індывідуальных прадпрымальнікаў. Нагадаем, што агульная колькасьць зарэгістраваных ІП складае каля 200 тыс. чалавек.

Намесьнік міністра распачаў прэс‑канфэрэнцыю з ультыматуму прадпрымальнікам: указ №760 ніхто ня будзе адмяняць, зь яго ня выдаляць палажэньне аб забароне найму староньніх асобаў, а тэрміны яго рэалізацыі не пасунуцца ні на дзень. Гэтыя пытаньні нават не разглядаліся ў міністэрстве. Андрэй Тур абвінаваціў некаторыя СМІ ў тым, што тыя даюць неправераную інфармацыю датычна ўказу №760 і тым самым расхалоджваюць прадпрымальнікаў:

«Гэта робіцца для таго, каб нарадзіць у асяродку «іпэшнікаў» неапраўданыя чаканьні».

Намесьнік міністра неаднакроць заявіў, што гаворка вядзецца не пра вынішчэньне прадпрымальнікаў, як клясы.

«Дзяржава хоча дапамагчы прадпрымальнікам выйсьці на якасна іншы ўзровень разьвіцьця».

У якасьці прыкладу ён прывёў эфэктыўнасьць прадпрымальніцкай дзейнасьці ў залежнасьці ад яе формы: у пераліку на аднаго чалавека індывідуальны прадпрымальнік атрымлівае 17 млн. руб. прыбытку, юрыдычная асоба мае 102 млн. руб. Паводле А. Тура, прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, а іх у Беларусі зарэгістравана каля 37 тыс., забясьпечваюць да 10,5% ад агульнай колькасьці падаткаў, ІП — трохі больш за 2%. Пры гэтым намесьнік міністра эканомікі прызнаў, што міністэрствам не праводзіліся разьлікі магчымага ўплыву рэарганізацыі ІП на зьмяненьне спажывецкіх коштаў. Па‑першае, аб’ектыўна зрабіць гэта не дазваляе мізэрная колькасьць тых, хто перааформіўся ў ПУП, па‑другое, такая задача ўвогуле ня ставілася.

А. Тур выказаў упэўненасьць, што ў канчатковым выніку прадпрымальнікі вымушаныя будуць пад ціскам аб’ектыўных прычынаў зьмяніць форму дзейнасьці.

«Ну набудуем мы яшчэ колькі дзясяткаў гіпэрмаркетаў, а паходжаньне, якасьць і асартымэнт іхных тавараў безумоўна не на карысьць дробных гандляроў».

Выплачваць кампэнсацыю ў сувязі са звальненьнем пэрсаналу пасьля ўступленьня ў сілу ўказу №760 будуць самыя прадпрымальнікі. Памер кампэнсацыі — сярэдні двухтыднёвы заробак.

Прадпрымальнікі тым часам не зьбіраюцца адступацца. Акрамя нязначнай колькасьці тых, хто перааформіўся ў ПУП, пра гэта сьведчыць і той факт, што цягам апошніх трох месяцаў зарэгістравана больш за 11 тыс. новых ІП. Сп. Тур прызнаў, што такім чынам адбываецца драбненьне бізнэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?