Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2013, які раней быў перанесены на нявызначаны тэрмін з-за фінансавых праблем, усё ж адбудзецца ў пачатку 2014 года.

Аб гэтым паведаміў рэжысёр Юрый Гарулёў, які з'яўляецца адным з асноўных арганізатараў беларускага хрысціянскага кінафоруму.

Фестываль было вырашана правесці 4-5 студзеня 2014 года.

«Як раней паведамлялася, мы пераносілі фестываль з-за фінансавых праблем, але цяпер удалося знайсці новага спонсара. Сума грошай не такая вялікая, але мы ўсё ж такі вырашылі не губляць гэты год і правесці Magnificat-2013», - растлумачыў рэжысёр. Ён таксама адзначыў, што пасля паведамлення аб пераносе фестывалю на нявызначаны тэрмін паступіла мноства пісем са словамі падтрымкі і спагады. «Відаць, усе маліліся за нас, каб усё было добра, і Бог гэта пачуў», - падкрэсліў ён.

Юрый Гарулёў дадаў, што Magnificat-2014 таксама пройдзе ў 2014 годзе, хутчэй за ўсё, восенню. Пры гэтым частка фільмаў, якія раней заяўляліся на 2013 год, увойдуць у праграму менавіта Magnificat-2014.

Апошнія гады Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat праходзіў у верасні ў Мінску, а таксама Глыбокім і бліжэйшых населеных пунктах.

У мінулым годзе на восьмым фестывалі былі прадстаўлены стужкі з больш чым 16 краін, у тым ліку Балгарыі, Германіі, Грузіі, Канады, Латвіі, Расіі, Украіны.

Патронам фестывалю выступае Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі, а заснаваны ён быў каталіцкай асацыяцыяй Signis-Belarus, студыяй «Стоп-кадр», а таксама Віцебскай каталіцкай епархіяй і часопісам «Дыялог».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?