На Дзяды ў Мексіцы прынята ставіць, а пасля з'ядаць цукровыя і шакаладныя чарапы. Так старыя вераванні змяшаліся з хрысціянскім святам Усіх Святых.
Існуе традыцыя вырабляць да Дзядоў жаночыя шкілеты ў пышных убраннях.
На шкілетах спецыялізаваўся і вялікі мексіканскі мастак Хасэ Гвадэлупэ Пасада. Гэтая яго гравюра называецца «Вялікі электрычны шкілет».
Ці знойдзецца на нашай планеце нацыя, якую б не цікавілі ўзаемаадносіны паміж светам жывых і светам памерлых і якая б не мела адпаведнага дня ў календары, дзе гэтыя два светы сыходзяцца?
Мексіка тут не выключэнне. Канечне, уплыў еўрапейскай цывілізацыі пакінуў значны след, але субстрат, які сфармаваўся ў дакалумбавыя часы, надае мексіканскаму варыянту гэтага сутыкнення свой, як кажуць, непаўторны каларыт.
Па часе мексіканскае свята супадае з еўрапейскім: 1 і 2 лістапада. Але пачынаецца ўсё ўвечар 31 кастрычніка. Тады ўпрыгожваюцца адмысловыя хатнія алтары, «алтары памерлых», якія маюць некалькі ўзроўняў. Гэтыя ўзроўні адлюстроўваюць гарызантальны падзел свету. На алтары ўскладаюць кветкі, салодкі хлеб і цукровыя чарапы.
Алтар ёсць «запрашэннем» душ памерлых вярнуцца ў наш свет. Пры гэтым лічыцца, што душы тых, хто памёр у дзяцінстве, вяртаюцца на зямлю 1 лістапада, а душы дарослых — 2-га. Яшчэ ў дакалумбаў час ацтэкі верылі, што пасля смерці душы трапляюць у розныя месцы: душы дзяцей — у Чычыўакуаўко (там расло дрэва, з галін якога цякло малако), а душы дарослых – у замагільны свет Міктлан.
Да таго, як на тэрыторыю сучаснай Мексікі прыйшлі еўрапейцы, у ацтэкаў для шанавання памерлых таксама існавала сваё свята.
Яно пачыналася прыблізна ў пачатку жніўня, ішло цэлы месяц і было звязанае з багіняй Міктэкакіўатль — царыцай Міктлана. Яна знаходзілася на 9-м — найніжэйшым — узроўні замагільнага свету і назірала за косткамі нябожчыкаў.
З прыходам еўрапейцаў час свята змясціўся, але шкілеты і чарапы ў яго сімволіцы захаваліся, як і вобраз жанчыны-заступніцы.
А яшчэ мексіканскі Дзень памерлых захаваў сваю сутнасць. У той час як мы смуткуем на Дзяды, мексіканцы радуюцца. Бо вераць, што памерлыя сябры і родзічы яшчэ народзяцца для новага жыцця. Вера ў перараджэнне — таксама тое, што засталося ў мексіканцаў з дакалумбавых часоў (канечне, хутчэй на ўзроўні падсвядомасці).
Таму і штучныя чарапы, якімі ўпрыгожваюцца алтары памерлых, робяцца з цукру і шакаладу. Бо смерць — гэта не боль разлукі, а салодкае прадчуванне новага існавання.
Таму і шкілеты на выявах не палохаюць і пагражаюць, а танчаць, радуюцца і ўвогуле жывуць паўнацэнным жыццём.
Чарапы і шкілеты дамінуюць у аздабленні мексіканскіх гарадоў і вёсак у час святкавання Дня памерлых. Яны стаяць у вітрынах крамаў, іх малююць на постарах і проста на сценах дамоў, з іх робяць маскі.
Карацей, на гэты час яны робяцца паўнапраўнымі суседзямі жывых. Таму неафіцыйная назва свята — Калаверада (ад іспанскага «калавера» — «чэрап»). І нельга казаць, што гэтая эстэтыка даспадобы толькі мексіканцам. Чаго вартая адна толькі анімацыя «Труп нявесты» Ціма Бёртана, якая фактычна цалкам капіруе не толькі эстэтыку, але і сутнасць мексіканскага свята: вяртанне нябожчыкаў якраз і робіць гэты свет жывым у поўным сэнсе слова.
Вялікі ўнёсак у эстэтыку Дня памерлых зрабіў Хасэ Пасада — мексіканскі мастак, які жыў у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст.
Шкілеты, якія жывуць звычайным чалавечым жыццём, былі асноўным сюжэтам ягоных гравюр. І самая знакамітая з такіх выяваў — апрануты ў гіганцкі капялюш шкілет жанчыны, які атрымаў імя Катрына.
Менавіта Катрына, створаная мастаком недзе паміж 1910 і 1913 гадамі, што выглядае гратэскна ў сваім модным, але нязграбным капелюшы (сатыра Пасады на захапленне тагачаснай мексіканскай эліты еўрапейскай модай), зрабілася бачным вобразам Дамы Смерці — той самай старажытнай ацтэкскай багіні памерлых, якая ператварылася ў каталіцкай Мексіцы ў Святую Нябожчыцу — заступніцу Дня памерлых.
І трэба сказаць, што ніхто іншы так не падыходзіць на ролю мексіканскага вобразу смерці. Не пагрозлівая. З добразычлівай усмешкай. Крыху нязграбная ў сваёй франтаватасці. І таму зусім не страшная. І пераадольная.