Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Высокія, больш як трохмэтровыя крыжы з надпісамі ў гонар расейскай царскай дынастыі Раманавых зьявіліся ў вёсцы Бялавічы Івацэвіцкага раёну, паведамляе радыё «Свабода».

Мясцовыя ўлады кажуць, што ня маюць да гэтага дачыненьня і што іх самавольна ўсталяваў выхадзец зь Бялавіч.

Адзін з драўляных крыжоў усталяваны ў вёсцы Бялавічы, а другі — у лесе побач. Адразу ж увагу мінакоў прыцягваюць выпаленыя на крыжах надпісы — «Святая Русь», «Вера, царь и отечество», «1613–2013», «Прости нас, государь».

Менавіта з 1613 году ў Расеі панавала царская дынастыя Раманавых, таму бялавіцкія людзі кажуць, што крыжы ўсталяваныя ў гонар расейскіх цароў.

Як распавёў тутэйшы жыхар, крыжы паставіў выхадзец зь Бялавіч, адэпт праваслаўя, які часам прыяжджае сюды ў царкву: «Адэпт праваслаўя… Я зь ім і гаварыць цяпер не хачу… Чарнасоценец нейкі, з мэдалём нейкім ходзіць, ён зьвязаны зь нейкімі тымі… то пра казакоў нешта мне тут плёў… 1965 году, недзе жыве ў Белаазёрску ці Пясках. Сям’я ёсьць, дзеці ёсьць.

Я бачыў яго гэтае шчырае — з барадою ходзіць, паклоны б’е, але ж ня думаў, што ў такой ступені… Пастаўленая Хрыстом царква, але ж не ў такой ступені, што пхаць сюды палітыку. На крыж палітыку запхнуў… Чарнасоценскі лёзунг…»

У Івацэвіцкім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што крыжы ўсталяваныя без дазволу ўладаў і што цяпер з гэтым разьбіраюцца:

«Там гэтыя крыжы нейкі зь Белаазёрску мужык паставіў. Самавольна. Старшыні сельскага савету дадзеная каманда ў месячны тэрмін разабрацца, яго прыцягнуць да таго, каб ён іх пазносіў. Ніхто ня супраць гэтых прыдарожных крыжоў, але яны нейкія там незразумелыя… Там больш чарнасоценнае нешта…»

У райвыканкаме паведамілі, што бліжэйшым часам крыжы прыбяруць. Вёска Бялавічы сёньняшняга Івацэвіцкага раёну вядомая зь першай паловы XV стагодзьдзя.

У 1630 годзе тут пабудавалі ўніяцкую Ільлінскую царкву. Цяпер царква праваслаўная, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

На пачатку панаваньня ў Расеі Раманавых Бялавічы былі ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзяржавы, якая варагавала з Расеяй. У склад Расейскай імпэрыі Бялавічы трапілі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?