22 лістапада ў «Галерэі Мастацтва» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 12) адкрыецца выстава працаў аднаго з самых яскравых мастакоў Беларусі Алеся Марачкіна пад назвай «СтART 60».

Дровы-1

Дровы-1

Дровы-2

Дровы-2

«Мастакі ды і не толькі яны вельмі любяць гуляцца са словам «арт», — кажа спадар Алесь. – Вось і я вырашыў назваць так выставу, бо старт маёй мастацкай кар’еры прыйшоўся на 60-ыя гады, калі я вучыўся ў Тэатральна-мастацкім. Карціны менавіта гэтага перыяду я і буду выстаўляць».

Па словах мастака, тыя працы выстаўляюцца рэдка, а праз некаторыя з іх спадар Алесь меў непрыемнасці.

«Напрыклад, карціна «На лесапавале», якая таксама будзе выстаўляцца, была напісана пасля таго, як я прачытаў «Архіпелаг ГУЛаг» Салжаніцына, — расказвае Марачкін. – За яе мяне ледзь не выключылі з ВНУ. Увогуле, тады нас вучылі працаваць у жанры сацыялістычнага рэалізму, а я часцяком самастойна працаваў у іншых жанрах».

Зараз карціна «На лесапавале» знаходзіцца ў ЗША, у Музеі нон-канфармізму, аднак спадар Алесь стварыў яе копію, якую можна будзе ўбачыць на выставе.

«Апроч таго я хачу выставіць і некалькі зусім новых прац, — кажа Марачкін.

— Напрыклад, «Дровы-1 (мясцовыя вугляроды)» і «Дровы-2 (мутацыя)». Першая карціна паказвае жыццё без нафты і газу, дзе дровы выступаюць у ролі мясцовай крыніцы энергіі. Другая частка прысвечана сучаснаму грамадству, тым працэсам, якія адбываюцца ў свеце, і за якімі людзі не паспяваюць. Асабліва ў вёсцы, я сам бачыў павальнае п’янства, адсутнасць нармальнай чалавечай камунікацыі. Карціна «Дровы-2» расказвае пра мутацыю вечных каштоўнасцяў».

Усяго на выставе будзеля 50 працаў, і гэта не толькі карціны.

«Напрыклад будзе праца пад назвай «Прышэлец», - расказвае Марачкін. – Гэта вялізны камень з таямнічымі ўзорамі, такі сабе госць з космасу».

Адкрыццё выставы «СтART 60» адбудзецца 22 лістапада а 17-й гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?