Аляксандр Лукашэнка запэўнівае, што сітуацыя на валютным рынку краіны стабілізуецца і раіць насельніцтву не бегаць у абменныя пункты.

«Вы бегаеце па абменніках і чакаеце нейкай дэвальвацыі. Проста раю вам: не рабіце гэтага і не чакайце (дэвальвацыі)», — заявіў А. Лукашэнка ў аўторак, размаўляючы з работнікамі ААТ «Керамін», паведамляе Інтэрфакс.

Лукашэнка адзначыў, што ўлады паставілі перад сабой «галоўную задачу — не дапусціць ніякіх абвалаў».

«Мы бачым, што сітуацыя стабілізуецца. Таму не трэба бегаць», — сказаў ён.

Лукашэнка ўвосень некалькі разоў кранаў у сваіх выступах тэму дэвальвацыі.

Так, падчас «Дажынак» у Жлобіне 28 верасня, ён сказаў, што тэму дэвальвацыі раздзьміюць праз СМІ «нягоднікі свядомыя, падаграваючы народ. (…) Калі, дапусцім, рэзкае падзенне — мы падтрымліваем сваю нацыянальную валюту, рэзкая прапанова па валюце — мы скупляем, Нацыянальны банк. Былі такія перыяды. Але сённяшні дзень, калі ў цэлым па годзе ўзяць, то мы пакуль, напэўна, мільёнаў на 150–200, я дакладна не памятаю, набылі больш валюты, чым прадалі. Але ў апошнія месяцы, я гляджу, наш народзец пабег у абменныя пункты. Ну, бяжыце. Бяжыце!»

Падчас наведвання БелАЗа 8 кастрычніка Лукашэнка сказаў:

«Але мяне што больш за ўсё хвалюе? З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці не будзе? Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0