Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле вырак суда Першамайскага раёна аб арышце тэрмінам на тры месяцы былога палітвязня Уладзіміра Яроменка за парушэнне прэвентыўнага нагляду.

Падчас пасяджэння касацыйнай інстанцыі Яроменак і яго адвакат сцвярджалі, што матэрыялы справы былі сабраныя незаконна і сама крымінальная справа была таксама распачата незаконна.

У прыватнасці, адвакат указала на тое, што пратаколы аб парушэнні прэвентыўнага нагляду Яроменкам, якое нібыта мела месца, складаліся са шматлікімі парушэннямі. Напрыклад, подпіс гаспадара кватэры, у якой Яроменак абавязаны быў знаходзіцца, адрозніваўся ў пратаколе яго допыту і іншых матэрыялах справы. Але суд Першамайскага раёна, які 20 жніўня вынес абвінаваўчы прыгавор, вырашыў не прызначаць почырказнаўчую экспертызу і не палічыў патрэбным выклікаць гэтага сведку. Нягледзячы на гэтыя і іншыя згаданыя адвакатам парушэнні, Мінгарсуд вырашыў пакінуць прыгавор ніжэйшага суда ў сіле.

Зараз Уладзімір Яроменак павінен чакаць выкліку з крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РУУС для адбыцця трохмесячнага арышту. Забраць пастанову Мінгарсуда асуджаны можа праз два тыдні.

На сённяшняе пасяджэнне суда прыйшлі былыя палітзняволеныя, якія нядаўна вызваліліся, Павел Севярынец і Дзмітрый Дашкевіч з жонкай Анастасіяй.

Уладзімір Яроменак — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Быў прыгавораны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.

Варта зазначыць, што на гэты момант прэвентыўны нагляд, за парушэнне якога Яроменка прыгаварылі да трохмесячнага арышту, ужо зняты. Разам з тым ён застаецца пад прафілактычным наглядам. Гэта азначае магчымасць пакідаць месца жыхарства і нават выязджаць за мяжу, але пры адсутнасці больш як месяц неабходнасць папярэджваць інспектара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?