Падчас сённяшняга візіту на «Керамін» Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра сітуацыю на «Барысаўдрэве» [візіт у Барысаў адбыўся 8 лістапада].

«Няўжо я яшчэ павінен ездзіць і парадак наводзіць?! Года, бачыце, бракавала, і бегаюць, і мне кажуць: за тыдзень усё зробім. За год не зрабілі, а за тыдзень зробяць! Што гэта значыць? Загубіць там мільёны, мільярды беларускіх рублёў, загоняць у бруд зараз тэхніку і будуць гераічна пераадольваць усё тое, што наварацілі. Гэта хіба нармальна? Так быць не павінна! Тым больш на такім прадпрыемстве», — сказаў Лукашэнка.

Ён прызнаў, што «Барысаўдрэў» быў адсталым прадпрыемствам, аднак дзяржава выдзеліла грошы на яго мадэрнізацыю, а таму неабходна было прыводзіць яго ў належны стан.

«Калі табе дзяржава дапамагае і там мабілізаваны людзі — трэба варушыцца. Год таму паставіў задачу. Прыязджаю. Добра, не ўсё зрабілі, галавацяпства, яшчэ нешта. Дык яны ж гэта спрабуюць схаваць! Навошта вы гэта хаваеце? — сказаў Лукашэнка. — Мне ж дастаткова глянуць і імгненна убачыць, куды ісці. Дык навошта вы гэта робіце?»

Ён падкрэсліў, што праедзе па ўсіх значных прадпрыемствах, дзе раней даваў даручэнні. «Не прэзідэнцкая гэта справа, але што рабіць, калі ўрад не працуе», — дадаў ён.

«Яны хадзілі і думалі, што пройдзе. Вось гэтага быць не павінна».

Гаворачы пра Барыса Батуру, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта быў адзін з лепшых губернатараў, аднак даручэнні кіраўніка дзяржавы павінны бездакорна выконвацца.

Звяртаючыся да мэра Мінска Мікалая Ладуцькі, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу цалкам падрыхтаваць сталіцу да зімы, навесці парадак ва ўсіх раёнах Мінска.

«Вось за заводам колавых цягачоў ўжо цэлых некалькі гадоў сметнік. Ні Кабякоў, ні Ладуцька гэтага не бачаць!» — адзначыў Лукашэнка.

«Калі мы сябе цывілізаванымі лічым, калі мы цэнтр Еўропы, трэба быць цывілізаванымі людзьмі. Вось адкуль маё патрабаванне. Замежнікі да нас прыязджаюць: ах, які Мінск прыгожы, як у вас добра. Дык давайце будзем адпавядаць гэтаму», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?