Альбэрта Фухіморы

У пятніцу 21 верасьня Чылі пастанавіла выдаць Пэру колішняга аўтарытарнага кіраўніка гэтай краіны Альбэрта Фухіморы. Пэруанскае правасудзьдзе абвінавачвае яго ў парушэньнях правоў чалавека і карупцыі падчас знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе ў 1990—2000 гг.

Рашэньне чылійскага суду пра выдачу Фухіморы будзе мець сур’ёзныя, сапраўды глябальныя наступствы. Ва ўсім сьвеце былыя кіраўнікі дзяржаваў дагэтуль зазвычай пазьбягалі выдачы на радзіму, нават калі паміж адпаведнымі краінамі існавала дамова аб экстрадыцыі. У скрайнім выпадку іх судзілі спэцыяльнымі трыбуналамі, звычайна пасьля папярэдніх палітычных перамоваў паміж урадамі. Выключным ёсьць ужо сам факт таго, што чылійскі суд усур’ёз паставіўся да звароту пэруанскага боку, і чылійскія судзьдзі разглядалі справу былога прэзыдэнта суседняй Пэру як справу любога паспалітага грамадзяніна.

Японскі прэзыдэнт Пэру

Сын японскіх імігрантаў, Альбэрта Фухіморы (гэта гішпанскі варыянт яго прозьвішча, па‑японску яно гучыць як Фудзіморы) ёсьць супярэчлівай фігурай у пэруанскай палітыцы, што мае як зацятых праціўнікаў, так і палкіх прыхільнікаў. Калі ён нечакана выйграў прэзыдэнцкія выбары 1990 году, атрымаўшы перамогу над вядомым пісьменьнікам Марыё Варгасам Льёсам, ніхто ў Пэру ня ведаў, чаго чакаць ад гэтага чалавека, якому далі мянушку «кітаец».

Аграном і матэматык з адукацыі, Фухіморы заставаўся малавядомай фігурай яшчэ за колькі тыдняў да галасаваньня, а галоўныя яго дасягненьні палягалі ў кіраваньні ўнівэрсытэтам ды кар’еры вядучага тэлешоў.

Ён атрымаў у спадчыну краіну на мяжы эканамічнага каляпсу, якую скаланала партызанская вайна бедных супраць багатых.

Фухіморы ажыцьцявіў радыкальную праграму рынкавых рэформаў, касуючы субсыдыі, татальна прыватызуючы дзяржаўныя кампаніі і зьмяншаючы ролю дзяржавы амаль ва ўсіх сфэрах эканомікі. Гэтая «шокавая тэрапія» ўдарыла па пэруанцах, але паклала канец гіпэрінфляцыі і стварыла грунт для ўстойлівага эканамічнага росту ў другой палове 1990‑х.

Цьвердзячы, што заканадаўчая і судовая галіны ўлады перашкаджаюць спэцслужбам змагацца з партызанамі і наркамафіяй, ён пачаў пашыраць свае паўнамоцтвы.

Фухіморы ўзяўся таксама за левых партызанаў, бо ў выніку грамадзянскай вайны краіна апынулася на мяжы хаосу. Цьвердзячы, што заканадаўчая і судовая галіны ўлады перашкаджаюць спэцслужбам змагацца з партызанамі і наркамафіяй, ён пачаў пашыраць свае паўнамоцтвы. Яго апанэнты тлумачылі гэта спробамі прэзыдэнта пазьбегнуць любых дэмакратычных абмежаваньняў сваёй уладзе, бо пасьля прыходу да ўлады Фухіморы апазыцыйныя партыі захавалі большасьць у парлямэнце.

Таму ў красавіку 1992 году Фухіморы ўчыняе «самапераварот» — скідае ўласны ўрад, каб атрымаць дыктатарскія паўнамоцтвы, распусьціўшы парлямэнт і суды.

На новых выбарах у лістападзе 1992 г. Фухіморы забясьпечвае большасьць для створанай ім партыі. Усталёўваецца аўтарытарны рэжым, замацаваны праз прыняцьце ў кастрычніку 1993 году на рэфэрэндуме новай канстытуцыі, што значна пашырала ўладу прэзыдэнта.

Захапіць уладу ва ўмовах пачатага прэзыдэнтам канстытуцыйнага крызісу рыхтаваліся і вайскоўцы, але капітан дзяржбясьпекі Ўладзімера Мантэсінас перасьцярог Фухіморы, і той схаваўся ў японскім пасольстве.

Фухіморы прызначыў свайго выратавальніка кіраваць службамі бясьпекі, а ягоны рэжым надалей ужо немагчыма ўявіць бязь іх тандэму.

Неўзабаве Фухіморы рэабілітаваўся ў вачах грамадзтва, бо ўрадавыя сілы захапілі прафэсара Гусмана, правадыра галоўнай паўстанцкай арганізацыі — «Прамяністы шлях», па‑гішпанску «Сэндэра люміноса». Нягледзячы на міжнароднае асуджэньне ўзурпацыі ўлады прэзыдэнтам Пэру, ягоны рэйтынг у гэтыя гады сягаў 73%, а ў 1995 г. Фухіморы быў пераабраны пераважнай большасьцю галасоў на другі тэрмін, атрымаўшы перамогу над паважным супернікам — колішнім генэральным сакратаром ААН Пэрэсам дэ Куэльярам.

Краіна была ўражаная ягонымі перамогамі над партызанамі, вынікамі бліцкрыгу супраць Эквадору ды ўтаймаваньнем гіпэрінфляцыі.

Сёньня ён з гонарам кажа: «Я кіраваў Пэру цягам 10 гадоў, у адзін з найгоршых пэрыядаў яе гісторыі, ды вырашыў большасьць з праблемаў, што стаялі перад краінай, у прыватнасьці, тэрарызму і гіпэрінфляцыі».

Пэруанская каляровая рэвалюцыя

Ды з часам усё больш пэруанцаў разумела, што брутальныя мэтады спэцслужбаў выкарыстоўваюцца ня толькі супраць паўстанцаў, але і супраць зусім мірных дэмакратычных апанэнтаў сэньёра прэзыдэнта. Грамадзтва абуралася кантролем над СМІ і судамі, а таксама выкарыстаньнем урадавых рэсурсаў для правядзеньня ўласных палітычных кампаніяў Фухіморы.

Ганьбай для прэзыдэнта стаў гучны развод з жонкай, якая пазьней выступіла супраць яго ў палітыцы. Крытыка дзеяньняў Фухіморы асабліва ўзмацнілася пасьля таго, як пэруанскі кіраўнік абвесьціў пра намер выставіць сваю кандыдатуру на недазволены Канстытуцыяй трэці запар прэзыдэнцкі тэрмін у 2000 годзе.

Фухіморы загадзя дамагаецца прыняцьця ў 1996 годзе закону «Аб сапраўднай інтэрпрэтацыі канстытуцыі», што дазваляў пераабрацца на трэці тэрмін

Фухіморы загадзя дамагаецца прыняцьця ў 1996 годзе закону «Аб сапраўднай інтэрпрэтацыі канстытуцыі», што дазваляў пераабрацца на трэці тэрмін, бо, маўляў, прыняцьце новай Канстытуцыі абнуліла тэрміны, і трэці будзе толькі другім. Абы гарантаваць сабе перамогу, ён ідзе на масавыя парушэньні падчас выбараў траўня 2000 году. Адзіны яго супернік на тых выбарах зьняў сваю кандыдатуру, патлумачыўшы гэта тым, што судовая ўлада ніяк не рэагуе на адкрытыя парушэньні выбарчага працэсу. Фухіморы быў абвешчаны пераможцам безальтэрнатыўных выбараў. Апазыцыя не прызнала выбары і пачала ладзіць пратэсты.

Канчаткова ягоныя пляны захаваць уладу разбурыў прыватны тэлеканал «Canal N», што паказаў у верасьні 2000 году відэазапіс перадачы Мантэсінасам апазыцыйнаму дэпутату хабару за пераход у партыю Фухіморы «Пэру‑2000».

У выніку скандалу ўсплылі і іншыя самыя розныя цёмныя справы рэжыму — ад сувязі Мантэсінаса з наркамафіяй да ўчыненай за часы Фухіморы стэрылізацыі многіх тысячаў пэруанцаў. У выніку скандалу апазыцыя здолела ўпершыню за восем гадоў апанаваць парлямэнт.

Пэруанскі дыктатар мусіў бегчы з краіны, падаўся на гістарычную радзіму — у Японію. Адтуль ён па факсе падаў у адстаўку, але апазыцыйны кангрэс яе не прыняў дый зьняў Фухіморы з пасады на падставе «маральнага банкруцтва». Пэруанскія падзеі сталі прадвесьнікам пазьнейшых «каляровых рэвалюцыяў».

Цень дыктатара над Лімай

На гістарычнай радзіме, каб пазьбегнуць выдачы Пэру, ён зноў стаў Фудзіморы дый атрымаў у дадатак да пэруанскага яшчэ і японскае грамадзянства. Аднак празь пяць гадоў раптам прыехаў у Чылі, каб паспрабаваць адтуль узяць удзел у пэруанскіх прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Гэта было рэальна, бо пэруанская палітыка яшчэ не стабілізавалася, а галоўнай вартасьцю Алехандра Таледа, што зьмяніў Фухіморы на пасадзе кіраўніка дзяржавы, было хіба яго індзейскае паходжаньне ды роўны Фухімораваму папулізм.

Фухіморы ж і цяпер папулярны сярод многіх пэруанцаў, якія кажуць, што цяперашні прэзыдэнт Алан Гарсія зруйнаваў эканоміку за часы свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну, а вось «кітаёза» навёў парадак.

Тады ў 2005‑м фухімарысты пасьпелі нават стварыць у Пэру сваю партыю, а дзеля фінансаваньня прэзыдэнцкай кампаніі ўзяліся прадаваць адмысловы напой з красамоўнай назвай Fuji‑Cola. Аднак неўзабаве па прыезьдзе ў Чылі Фухіморы быў арыштаваны, бо пэруанскія ўлады запатрабавалі ягонае выдачы.

Цяперашняя экстрадыцыя ня толькі фармальна ставіць крыж на амбіцыях Фухіморы вярнуцца да ўлады, але і вяртае на палітычнае поле краіны надзвычай небясьпечную фігуру.

Седзячы пад арыштам у Чылі былы ўладар краіны інкаў не марнаваў часу і ў другі раз ажаніўся з даўняй каханкай, багатай японкай, уладальніцай гатэльнага бізнэсу, дый, абвесьціўшы сябе «апошнім самураем», прапанаваў японцам вырашыць іх праблемы пры дапамозе свайго пэруанскага досьведу. Дзеля таго ён заклікаў іх абраць сябе ў японскі парлямэнт, але не сабраў дастаткова галасоў.

Увесь гэты час былы пэруанскі дыктатар мусіў таксама адбівацца ад спробаў выдаць яго Пэру. Праўда, сёньня ён аптымістычна абвяшчае, што выдача дазволіць яму ачысьціць сваё імя. І сапраўды, цяперашняя экстрадыцыя ня толькі фармальна ставіць крыж на амбіцыях Фухіморы вярнуцца да ўлады, але і вяртае на палітычнае поле краіны надзвычай небясьпечную фігуру.

Вяртаньне дыктатара

«Для мяне гэта магчымасьць вярнуцца», — цьвердзіў былы 69‑гадовы дыктатар у камэнтарах для пэруанскага радыё, даведаўшыся пра сваю выдачу, «бо маёй мэтай ёсьць узьяднаньне з народам». Праўда, на пэруанскай зямлі ён спачатку ўзьяднаецца за кратамі з Мантэсінасам, які адседжвае немалы тэрмін за карупцыю і парушэньні правоў чалавека.

У Фухіморы засталіся адданыя прыхільнікі ў Пэру, ачольваныя пакуль што ягонай дачкой, што засталася ня з маці, а з бацькам. Нават сёньня ўрад Аляна Гарсія абапіраецца на галасы пра‑фухімораўскіх дэпутатаў падчас прыняцьця заканадаўства, і заявы былога дыктатара з‑за кратаў могуць уплываць на пэруанскую палітыку. «Гэта — ня лепшы сцэнар для Алана Гарсіі, бо Фухіморы амаль несумненна будзе гнаць хвалі», — зазначыў на старонках «Нью‑Ёрк Таймз» Хасэ Ўгас, колішні спэцыяльны пракурор Пэру, што займаўся расьследаваньнем дзейнасьці Фухіморы і Мантэсінаса. «Але гэта выразная перамога ў барацьбе супраць карупцыі і беспакаранасьці». Паводле ягоных ацэнак, Фухіморы атрымаў недзе каля паўсотні мільёнаў даляраў ад нацыянальнай службы выведкі цягам 1992 — 2000 гадоў, дый арганізаваў перадачу 15 мільёнаў даляраў дзяржаўных сродкаў Мантэсінасу незадоўга перад падзеньнем свайго ўраду.

Найбольшы, 30‑гадовы тэрмін Фухіморы можа атрымаць па справах пра два масавыя забойствы апанэнтаў улады «швадронамі сьмерці», датычна якіх існуюць цьвёрдыя доказы.

Пэруанскія пракуроры маюць доказы ўсяго па пяці абвінавачаньнях у карупцыі, сярод якіх фігуруюць, апрача названых вышэй пунктаў, таксама хабары чальцам кангрэсу і незаконнае праслухоўваньне. Але найбольшы, 30‑гадовы тэрмін Фухіморы можа атрымаць па справах пра два масавыя забойствы апанэнтаў улады «швадронамі сьмерці», датычна якіх існуюць цьвёрдыя доказы.

У 1991 годзе падчас сямейных урачыстасьцяў былі забітыя 15 чалавек, у тым ліку васьмігадовы хлопчык, у бедным квартале Барыёс Альто пэруанскай сталіцы Лімы. У 1992 годзе з інтэрнату ўнівэрсытэту Ля Кантута ў прадмесьці Лімы былі скрадзеныя і забітыя дзевяць студэнтаў і іх выкладчык. Іх рэшткі будуць знойдзеныя толькі пазьней. Гэтыя злачынствы былі ўчыненыя ў час вайны З партызанамі «Прамяністага шляху» і «Тупак‑Амару», што спрабавалі ўзьняць супраць ураду кечуа‑ і аймарамоўных беднякоў‑індзейцаў.

Агулам таемная група «Каліна» ў складзе афіцэраў вайсковай выведкі зьдзейсьніла больш за дваццаць пазасудовых забойстваў на пачатку 1990‑х. Фухіморы адмаўляе гэтыя абвінавачаньні, нягледзячы на відэадоказы, у якіх кіраўнік групы сьцьвярджае, што Фухіморы выразна падтрымаў стварэньне паліцыяй швадрону сьмерці.

Усяму ж сьвету Фухіморы запомніўся брутальным вызваленьнем закладнікаў, захопленых партызанамі «Тупак‑Амару» ў рэзыдэнцыі японскага пасла ў Ліме ў 1997 годзе. Амаль усе 72 закладнікі былі вызваленыя, а ўсе 14 партызанаў застрэленыя на месцы. Створаная ў выніку карцінка, дзе прэзыдэнт з зброяй у руках спрабаваў згуляць у Рэмба, была ня лепшым іміджам рэжыму Фухіморы.

Жах дыктатараў

Чылійскае рашэньне выдаць дыктатара суседняй краіны асабліва важнае, бо раней суды Чылі пазьбягалі выдаваць нават фашыстоўскіх злачынцаў, а цяжкая спадчына піначэтаўскай дыктатуры дагэтуль цісьне на краіну. «Гэта — пераломны момант у разьвіцьці міжнароднага права», — заявіў на старонках «Нью‑Ёрк Таймз» Альфрэда Эчбэры, што прадстаўляў чылійскі ўрад у працэсе аб выдачы Фухіморы. — Упершыню Чылі ідзе на выдачу былога кіраўніка дзяржавы праз экстрадыцыю ў тую краіну, у якой ён расшукваецца».

Гэта — чарговы важны крок да разуменьня таго, што ніхто не павінен пазьбегнуць пакараньня за злачынствы, якую б пасаду ён ні займаў.

Дагэтуль ня толькі Чылі, але і іншыя краіны, неахвотна рабілі нешта падобнае. Прыкладам, былы парагвайскі дыктатар Строснэр спакойна жыў у бразыльскім выгнаньні з 1989 году да сваёй сьмерці летась. Нягледзячы на існаваньне адпаведнай дамовы паміж Бразыліяй і Парагваем, і тое, што ён абвінавачваўся ў забойствах, парагвайскі ўрад не рабіў сур’ёзных спробаў дамагчыся выдачы Строснэра.

У іншых нядаўніх выпадках былыя кіраўнікі дзяржаваў перадаваліся міжнародным трыбуналам. Сэрбія выдала Мілошавіча Міжнароднаму крымінальнаму трыбуналу па былой Югаславіі, а Нігерыя выдала былога лібэрыйскага дыктатара Чарлза Тэйлара Спэцыяльнаму суду па Сіера‑Леонэ.

Чылійскае рашэньне моцна адрозьніваецца ад гэтых прыкладаў, бо менавіта нацыянальны суд, а не выканаўчая ўлада, дамаўляўся зь іншым урадам і прымаў рашэньні пра выдачу былога кіраўніка дзяржавы. Хасэ Мігель Віванка, дырэктар «Human Rights Watch» па Амэрыцы, мяркуе, што гэтае рашэньне адпавядае тэндэнцыі, што абазначылася пасьля таго, як брытанская Палата лёрдаў пастанавіла выдаць генэрала Піначэта Гішпаніі па абвінавачаньнях у катаваньнях. «Гэта значнае гістарычнае рашэньне… яно мела месца дзякуючы працы ўнутрынацыянальных установаў, а не палітычным перамовам паміж урадамі». Зрэшты, у выпадку зь Піначэтам, брытанскія суды пазьней адхілілі гішпанскі запыт аб экстрадыцыі, і дазволілі генэралу вярнуцца ў Чылі, спаслаўшыся на ягонае слабае здароўе.

Таму так важна тое, што сёньня з Фухіморам абыходзяцца як зь любым паспалітым грамадзянінам, што прысабечыў грошы ці некага змардаваў і тым самым ламаецца пэўнае табу. Гэта — чарговы важны крок да разуменьня таго, што ніхто не павінен пазьбегнуць пакараньня за злачынствы, якую б пасаду ён ні займаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?