Грамадства6363

На вячоркі: як дзве Крысціны ў Dozari з Віцебска ехалі — фотарэпартаж

Дзве Крысціны адпраўляюцца ў Мінск, каб паспытаць начнога жыцця. Цягнік, марафет, бар, Dozari. Галавакружнае падарожжа з Віцебска на край ночы.

Лета, душна. Агульны вагон укамплектаваны пад завязку. Ног не выцягнуць, не размяцца. Цесна так, што калі ў суседнім «адсеку» суседка, якая сядзіць спінаю да мяне, схіліцца над крыжаванкаю, то можна проста працягнуць руку, каб схапіць яе за азадак. Мы адправіліся ў шлях а 17:59. На месцы мы будзем у 22:37.

 

Крысціна Т. і Крысціна В. з'язджаюць з Віцебска. З'язджаюць ненадоўга: на досвітку наступнага дня ім прыйдзецца ўзяць зваротны квіток.

Так здараецца часта. Часам раз на два тыдні, а часам і пару разоў на тыдзень – дзяўчаты вырываюцца з роднага горада, каб трапіць на вечарыну ў сталічны клуб. Крысціны едуць у Dozari.

У дарозе яны стрыманыя і строгія. Крысціна Т. прыціскае да грудзей цалафанавы мяшок са зменным абуткам. У Крысціны В. клатч і пакецік з арэшкамі. Дыялог развіваецца складана. Дамы трохі хвалююцца:

— Хочаце паказаць, як калхозніцы едуць у сталіцу? — спытала адна з Крысцін, калі мы гаварылі з ёй па тэлефоне тыдзень таму, калі я навязваўся ў кампаньёны.

Перакур у Оршы. На пероне мы гаворым пра начное жыццё. Дзяўчаты грэбуюць віцебскімі клубамі. Крысціна В. ажыўляецца, калі гутарка тычыцца сталічных спраў.

— Я спынілася на Dozari і Mojito. Яшчэ крута ў Blackhall бар, там Сяргей Лазараў быў на адкрыцці. Яшчэ — Millenium і Next. Астатнія клубы ўсе петушацкія.

Крысціна Т. распавядае, што вучыцца ў Смаленску, а яшчэ яна дыпламаваны майстар па нарошчванні пазногцяў. Крысціна В. паведамляе, што паступае ў Інстытут журналістыкі. Матывацыя — покліч душы.

Дзень хіліцца да захаду, людзі зацягваюць у вагоны леапардавыя баулы.

Dolce Vita

— Тут ёсць жыццё, ёсць начное жыццё! — крычыць Крысціна В. Вецер, які ўрываецца ў акенца, трэпле ёй валасы. Мы ўжо ў Мінску, насычаныя дарожным пылам і потам, едзем на таксі кудысьці за МКАД. Там жыве Рэгіна, як прадстаўляюць яе сяброўкі, прафесійная мадэль. Гэта перавалачны пункт — пункт збору на танцы.

Мы крыху часу бавім у кватэры. Дзяўчаты збіраюцца хутка, сціслыя тэрміны не прадугледжваюць працяглага і дэталёвага пераўвасаблення.

Неспрактыкаваны і няўзброены погляд можа папросту не заўважыць тонкасцяў метамарфозы. Дываны і глянец паркету хаваюць уколы шпілек, што нагадваюць дзюбы экзатычных птушак. Таксісты адзін за адным па тэлефоне адмаўляюцца ехаць у наш прытулак у мінскім вест-эндзе; люстэрка ў ажурных рамах і шыкоўны крышталь з секцыі адлюстроўваюць зборы. Мы зноў размаўляем пра начное жыццё.

Крысціна Т.: 

— У Dozari вельмі прыгожы інтэр'ер. Гэта па-першае. Па-другое, музыка. У мінулы раз мы патрапілі на trap-вечарыну: сучасная музыка, «тыц-тыц». І ўсё танцавалі. А калі не падабаецца, заўсёды можна пайсці ў Mojito, там іншая музыка. 

Калі глядзець праўдзе ў вочы, то ў асноўным людзі ходзяць у клуб, каб знаёміцца. Дзяўчаты, каб знаёміцца з хлопцамі. Хлопцы, каб пазнаёміцца або пацешыцца з дзяўчатамі. Я так сабе гэта ўяўляю. Па некаторых дзяўчатах гэта бачна. Але асноўная частка ходзіць туды, каб тусануць канкрэтна, адпачыць ад вучобы. 

Людзі ў клуб ходзяць розныя. Багатыя замаўляюць стол, яго накрываюць. Яны ў сваёй кампаніі. Звычайныя студэнты менш сабе дазваляюць.

Мы частаваліся рознымі кактэйлямі, бралі адзін за 80 000 — самы танны. Жах, калі шчыра. Самы лепшы махіта за 120 000: лайм, лімон, усё такое. Знаёмствы ў клубе мімалётныя. Калі хлопец падыходзіць, то першая думка ў яго — адразу адвесці дзяўчыну. Але я прыходжу проста адрывацца. Не, можна, вядома, на хлопца паглядзець, але калі пачынаецца «паехалі да мяне», то я адразу сканчаю размову.

«Камон эўрыбадзі»

 Перадпаці. Golden Coffee. Крысціна В. характарызуе месца як «мажорнае». Усярэдзіне паўзмрок, ажыўлена, мы п'ём гарбату і гаворым пра прыўкраснае. Рэгіна распавядае, што глядзіць Бёртана і Чапліна. Крысціна Т. любіць фільмы жахаў. Крысціна В. чытае кнігі Мінаева. Яна лічыць, што апісаныя там тыпажы блізкія да рэальнасці. 

З'яўляецца афіцыянтка і прыносіць тры запацелыя шклянкі. Гэта падарунак дамам, але ад каго – сакрэт.

— Разгон! — кажуць дамы. Піць яны, праўда, не збіраюцца, калі толькі трохі, з ветлівасці. Праз якіх–небудзь дзесяць хвілін да нас прыбывае новая партыя напояў. Патаемная мова жаночых жэстаў, амаль непрыкметных рухаў вачамі і паўнамёкаў ідэнтыфікуе інкогніта.

Я прашу Крысціну В. апісаць яго:

— Размаўляе па тэлефоне. У белай майцы. У яго згублены позірк. То туды. То сюды. Ён не разумее, як яму правесці гэты вечар. Ён адвярнуўся. У яго пяты айфон. Яго сённяшні вечар нявызначаны. Ён тэлефануе аднаму. Той не бярэ трубку. Ён павінен зразумець, што рабіць сёння вечарам. Ці, можа, ён … Калі мы будзем чокацца гэтымі кактэйлямі, мы ўважліва паглядзім на яго …

Дзяўчаты чокаюцца, але зноў амаль не п'юць. Крысціна В. крычыць на ўвесь бар, відавочна, каб пачулі і паверхам ніжэй: «Добры чалавек, дзякуй табе!»

Яны не хочуць пакрыўдзіць незнаёмца з неспакойнай сківіцай, таму непрыкметна, наколькі гэта магчыма, зліваюць кактэйлі ў чайнік. На суседнім століку Крысціна В. пакідае сурвэтку з нумарам тэлефона і сэрцайкам.

Час ехаць у клуб. Каля бара Крысцін перахоплівае валацуга Віктар з мыліцамі. Ён просіць дробязь і з задавальненнем прымае ўдзел у імправізаванай фотасесіі з нашымі кругласутачнымі тусоўшчыцамі.

 Далей усё хутка. Пару паваротаў. Начная прахалода, пусты праспект. Машыны ля клуба. Шкляная прахадная завода. Сушы-бар. Хлопцы на клумбе п'юць з пластыкавых шкляначак. Сукенкі і міні. Па плітцы стукаюць абцасікі. Агеньчыкі… Агеньчыкі…

Каментары63

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду9

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Усе навіны →
Усе навіны

Дэлегацыі Украіны і Расіі на перамовах у Стамбуле размаўлялі праз перакладчыка

Самая беларусацэнтрычная праграма ЕГУ запрашае на падрыхтоўчыя курсы6

Ціханоўская сядзіць за адным сталом з кіраўнікамі дзяржаў на саміце ў Албаніі21

Дэпутаты пайшлі па крамах інспектаваць чырвона-зялёныя сцяжкі. І зрабілі заўвагі кіраўніцтву9

На дзіцячай пляцоўцы ў Гданьску хлопчык адмовіўся гуляць з беларускай дзяўчынкай. Яе бацька пачаў яго душыць12

З'явілася магчымасць набыць Радзівілаўскую карту ВКЛ4

Паглядзіце, які яркі дзіцячы садок будуюць каля Уручча1

«Адпраўлялі мыць туалеты і кідалі ў ШІЗА». Суседкі расказалі пра абыходжанне ў калоніі з экс-палітзняволенай Тамарай Каравай, якая пасля памерла4

Белавусаў падарыў Лукашэнку савецкія ўзнагароды6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду9

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць