З 1 кастрычніка, згодна з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, у краіне распачынаецца чарговы асенне-зімовы сезон палявання.

У прыватнасці, па 15 снежня загонам і з паляўнічымі сабакамі (акрамя хартоў і ганчакоў) у светлы час сутак і з засады з вышак, з падыходу на працягу сутак дазваляецца здабываць лася, высакароднага аленя, дзіка, казулю. Паляванне ружэйным спосабам распаўсюджваецца на жывёлу любога полу і ўзросту, акрамя свінаматак—важакоў статку.

Таксама з 1 кастрычніка распачынаецца асенне-зімовы сезон палявання на рачнога бабра і рачную выдру. Дазволены ён будзе па 31 снежня ў светлы час сутак на жывёлу любога полу і ўзросту. Калі раней здабываць бабра можна было толькі безружэйным спосабам (лавушкамі, сачкамі, капканамі) — з паляўнічымі сабакамі (акрамя хартоў і ганчакоў), дык цяпер, як паведамілі нам ва ўпраўленні паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі, будзе дазволена і ружэйнае паляванне на рачнога бабра. Справа ў тым, што паляваць на яго безружэйным спосабам — занятак далёка не лёгкі, не кожнаму паляўнічаму ён быў даспадобы. А колькасць папуляцыі бабра між тым за апошні час істотна павялічылася

З 1 кастрычніка па 15 студзеня будзе доўжыцца і паляванне на андатру: безружэйным спосабам жывёлу любога полу і ўзросту на працягу гэтага тэрміну можна будзе здабываць у светлы час сутак.

Варта нагадаць таксама, што, згодна з новаўвядзеннямі ў Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, якія прынялі ўвесну гэтага года, паляванне на ўсе віды дзікай жывёлы цяпер дазваляецца ў суботу, нядзелю, панядзелак, аўторак і ў дзяржаўныя святы (раней акрамя святаў паляванне дазвалялася толькі ў суботу і нядзелю).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?