Прывабнасць гэтай краіны звязаная з тым, што яна арыентуецца на Захад, а не на Ўсход. Зараз у Чэхіі легальна пражывае каля 5 тысяч грамадзян Беларусі. А колькі чэхаў перабралася ў «моцную» і «квітнеючую»? Беларускія ўлады гэтую лічбу не афішуюць, але нефармальна атрымалася высвятліць, што лік ідзе на сотні.

Такім чынам, нашы суайчыннікі куды больш ахвотна едуць у Чэхію, чым чэхі — у Беларусь. Амерыкі мы тут, безумоўна, не адкрылі, алё ўсё-ткі паспрабавалі высвятліць: чаму? Бо «піва і галёнка» — гэта, канешне, аргументы, але наўрад ці дастатковыя, каб наважыцца змяніць краіну.

Любоў Зубарэвіч распавядае «Заўтра тваёй краіны», што перабралася з Мінску ў Прагу амаль пяць гадоў таму. Не праз палітычныя прычыны — хацела паглядзець свет. Напачатку было складана, бо ў Чэхію Люба прыехала, не ведаючы мовы. Кажа, што бралася амаль за любую працу: у супермаркеце, гатэлі, друкарні – «як Шурык у «Аперацыі «Ы».

Больш-менш цвёрдую глебу пад нагамі дзяўчына адчула прыкладна праз паўтары гады. Зараз Люба з’яўляецца прыватным прадпрымальнікам і сваім жыццём задаволеная. Працуючы чатыры дні на тыдзень, яна паспявае і падарожнічаць, і грамадскай дзейнасцю займацца, пра якую, дарэчы, на Бацькаўшчыне і не думала. А вось у Чэхіі адчула патрэбу і зарэгістравала арганізацыю «Беларускі куток». Адна з апошніх спраў: агульнымі намаганнямі Люба і яе сябры выпусцілі прыгожы буклет «Беларуская Прага».

У адказ на пытанне, што найбольш падабаецца ў Чэхіі, Люба згадвае, як канцэптуальныя рэчы («тут я сама сабе належу»), так і ў прыватнасці («у Празе за 5 год ніводны алкаголік да мяне прычапіўся»). Наведваючы ж Мінск, яна дзівіцца тутэйшым коштам, асабліва ў супастаўленні з заробкамі. І не без шкадавання адзначае:

— Беларусы прызвычаіліся, што імі н е абходна кіраваць. Мала ў нас актыўнасці, згуртаванасці.

Параўнайце з высновамі чэшскага сацыёлага Іван Габала, які так распавёў пра каштоўнасці, да якіх імкнуцца яго суайчыннікі:

— Мы павінны быць не зборышчам індывідуўмаў, а супольнасцю людзей, якія давяраюць адзін аднаму.

Канешне, гэта хутчэй ідэал, чым рэаліі Чэхіі. Аднак, прынамсі, на гэтым шляху ейныя жыхары прасунуліся істотна далей, чым беларусы. Камфортнасць сённяшняй Чэхіі відавочная, і гэта падкрэсліваюць тыя, з кім карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» размаўляў на вуліцах Прагі. Так, пенсіянер Ладзіслаў на пытанне, чаму збольшага беларусы едуць жыць у Чэхію, а не наадварот, адказаў:

— У вас ёсць прымаўка: рыба шукае дзе… корму больш, а чалавек – дзе лепш.

Але ж гэтае «лепш» не з неба на чэхаў звалілася. 20 год таму яны мелі прыкладна аднолькавыя з беларусамі праблемы. Чаму ж вынік чэхі атрымалі значна больш прыстойны?

— Посткамуністычныя рэформы ў Чэхіі прывялі да трансфармацыі агульнага ладу жыцця. Тут улады не цвердзяць пра «дзяржаву для народу». Аднак сённяшняя Беларусь, на жаль, саступае па якасці жыцця Чэхіі. У тым ліку і таму, што наша краіна абрала ўсходні вектар развіцця, а Чэхія арыентуецца на Захад, — лічыць журналіст Сяргей Навумчык, які шмат гадоў працуе ў Празе.

— Неабходныя далейшыя рэформы, каб усё працавала яшчэ лепш, — дадае Іван Габал.

Так, менавіта пераўтварэнні ў комплексе (эканамічныя, палітычныя і г.д.) і далучэнне да Еўразвязу зрабілі Чэхію прывабнай для іміграцыі. Краіна працягвае рухацца далей, нават ужо забяспечыўшы заходнія стандарты жыцця. Як гэтага дасягнуць, Беларусі варта было б павучыцца менавіта ў Чэхіі — дзяржаве блізкай нам і геаграфічна, і па колькасці насельніцтва, і шмат яшчэ па якіх чынніках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?