Грамадзянская кампанія валанцёраў па збору сродкаў на правядзенне аперацыі для хворай на лейкоз (рак крыві) 12-гадовай гамяльчанкі сіраты Алены Новік працягваецца.

З неабходных для правядзення аперацыі 260 тысяч долараў сабрана ўжо 134 тыс. долараў. Прычым гэту суму ўдалося сабраць менш чым за месяц. Столькі ж часу засталося да правядзення аперацыі па перасадцы касцявога мозгу, якую пагадзіліся зрабіць у ізраільскай клініцы. Калі аперацыю не зрабіць, дзяўчынка памрэ.

Лена Новік ужо больш як пяць гадоў хварэе на лейкоз, праходзіла лячэнне ў Гомелі, Мінску, у Германіі.

На нейкі час хвароба адступіла, але ў кастрычніку ў дзіцяці адбыўся рэцыдыў лейкозу. Яна зноў трапіла ў анкацэнтр і пакуль праходзіць курс хіміятэрапіі.

На працягу апошняга месяца валанцёры расклеілі і раскідалі па паштовых скрынях тысячы ўлётак, у Гомелі з'явіліся білборды з заклікам дапамагчы дзяўчынцы.

Футбольны клуб выходзіў на поле ў майках з гэткім жа заклікам, маршрутныя таксі і прыватныя аўто ездзяць па горадзе з аналагічнымі надпісамі. Сродкі на дабрачынны рахунак таксама пералічылі скаўты гомельскай рымска-каталіцкай парафіі.

23 лістапада ў Гарадскім цэнтры культуры пройдзе дабрачынны канцэрт па зборы сродкаў на аперацыю дзіцяці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?