Суседні бізнэс-цэнтр Quadrum

Суседні бізнэс-цэнтр Quadrum

У панядзелак, 18 лістапада, на будаўнічай пляцоўцы ў зямлю апусцілі сімвалічную капсулу, якая паведаміла пра распачатае будаўніцтва. У працэсе ўзяў удзел мэр Вільні Артурас Зуокас.

«Вельмі радуе, што будаўніцтва вядзецца тут, на праспекце Канстытуцыі, які ёсць для нас сімвалам новага цэнтра горада XXI стагоддзя. Якраз гэтае месца прысвечанае таму, каб новае пакаленне магло пакінуць свой след у горадзе», — сказаў мэр. Паводле яго словаў, месца, дзе расце новы будынак, доўгі час не ведалі як выкарыстаць.

На праспекце Канстытуцыі з'явіцца 8-павярховы будынак з двухпавярховай падземнай стаянкай і наземнай стаянкай на 560 аўто. Вакол на двух гектарах з'явіцца зялёная зона, парк.

Будынак k29 стварылі архітэктары дацкай кампаніі PLH Arkitekter і літоўскай Archinova. Усяго ў будынку прапануюць офісы на плошчы 14 250 кв.м. У будынку абсталююць 4 панарамныях ліфты, вісячыя ў паветры лесвіцы. На першым паверсе - рэстаран плошчай 350 кв.м. Офісы абсталююць ў скандынаўскім стылі.

Увасабленнем праекта будзе займацца інвестыцыйны фонд нерухомай маёмасці Lords LB Baltic Fund II. У праект будаўніцтва і добраўпарадкаванне найбліжэйшых тэрыторый фонд плануе ўкласці 30 мільёнаў еўра.

Дырэктар кампаніі К29, якая развівае праект, Домас Качынскас сказаў, што ўжо вядуцца перамовы з патэнцыйнымі арандатарамі офісаў. «Цікавасць вельмі вялікая, кожны дзень паступаюць запыты. Найменшая плошча офіса - 200 кв.м, найбольшая – 4-6 тыс.. Мы плануем, што да канца наступнага года будынак будзе запоўнены», — сказаў дырэктар кампаніі.

На пытанне, як у іх атрымліваецца канкураваць з офісным будынкам Quadrum, што будуецца на праспекце Канстытуцыі і прапануе офісы на плошчы 27 тыс кв.м, Качынскас адказаў: «Думаю, абодва гэтыя праекта добрыя, мы будзем старацца, каб яны былі як мага лепшыя і якаснейшыя, ад гэтага Вільня і арандатары толькі выйграюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?