У Смалянах, ва ўладаннях аднаго з самых знакамітых княжацкіх родаў ВКЛ, Сангушкаў, з кожным поглядам і кожным крокам усё мацней вы будзеце адчуваць подых старадаўніх легенд і гістарычных рэалій мінулых эпох.

Там вы пабачыце:

 — рэшткі замку Белы Ковель, княскай рэзідэнцыі, узведзенай па апошнім слове інжынернага майстэрства XVI ст., і даведаецеся, чаму ў Смалянах так добра «памятаюць» Бону Сфорцу і з якой нагоды гэтая фартэцыя завецца Белым Ковелем;

— касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, познебарочную святыню, трагічны лёс якой і сёння застаецца пад пытаннем;

— царкву Праабражэння Гасподняга, узор драўлянага дойлідства XVIII ст., што хавае ў сваіх сутарэннях гістарычныя таямніцы і архітэктурныя галаваломкі;

— царкву Святога Аляксея, увасабленне псеўдарускага стылю сярэдзіны ХІХ ст на тутэйшы манер;

— магілу Тамаша Зана: менавіта ў Смалянах знайшоў свой апошні спачын знакаміты філамат Тамаш Зан, навуковец, паэт, сябра Міцкевіча, Чачота, Дамейкі.

Затым нас чакае старажытная Орша, пабудаваная яшчэ князем Глебам Менскім летапісная Рша, што ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. За амаль 1000 гадоў сваёй гісторыі гэты горад бачыў шмат якіх выбітных гістарычных асобаў ды падзеі, што ўплывалі на лёс не толькі беларусаў, але і іншых народаў Еўропы. Так, 500 гадоў таму на рэчцы Крапіўна пад Оршай адбылася знакамітая Аршанская бітва, слава якой дасягнула аж да Рыму.

У Оршы вы пабачыце:

— Аршанскае замчышча, дзе стаялі сцены магутнага замка і шмат разоў яго абаронцы вытрымлівалі варожы націск;

— царкву Святой Тройцы і Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, дзе дзейнічала знакамітая друкарня Спірыдона Собаля і дзе быў выдадзены адзін з першых беларускіх падручнікаў!

— калегіум езуітаў, навучальную ўстанову, што была пабудаваная на сродкі самога Льва Сапегі ды з каралеўскай казны Жыгімонта ІІІ;

— касцёл святога Язэпа, незвычайны прыклад барочнай архітэктуры, воблік якога мяняўся праз гады, дзе яшчэ ў сярэдзіне XVII ст. знайшлі прытулак манахі-дамінікане;

— вадзяны Млын, вельмі сімпатычны помнік прамысловай архітэктуры пачатку ХХ ст., у якім цяпер знаходзіцца этнаграфічны музей.

Пры канцы вандроўкі ў прыцемках перад вамі паўстануць велічныя, але забытыя сучаснасцю архітэктурныя шэдэўры стогадовай даўніны мястэчка Высокае: царква св. Іллі і сядзіба Макшыцкіх, цэглу на будаўніцтва якой дастаўлялі калісьці з Лондана.

Суправаджаць маршрут будзе экскурсавод і краязнаўца Валянціна Кароткіна. Падчас экскурсіі плануецца наведванне музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы і музычнае выступленне знакамітага барда, заснавальніка фэсту «Аршанская бітва» Андрэя Мельнікава.

Маршрут (~490 км): Мінск — Смаляны — Орша — (Высокае) — Мінск. 

Кошт экскурсіі: 290 000 руб./чал., кампаніям больш за 3 чалавекі — зніжка.

Запісацца на экскурсію можна па тэл. +375-25-545-84-30 (Валерыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0