У турыстычных даведніках Кішынёў называюць самай непрыгожай сталіцай Еўропы. Фота Фёдара Савінцава, ІТАР-ТАСС

У турыстычных даведніках Кішынёў называюць самай непрыгожай сталіцай Еўропы. Фота Фёдара Савінцава, ІТАР-ТАСС

Калекцыя вінаў CRICOVA пад Кішынёвам налічвае больш за мільён бутэлек. Фота Дзяніса Сінякова, Reuters

Калекцыя вінаў CRICOVA пад Кішынёвам налічвае больш за мільён бутэлек. Фота Дзяніса Сінякова, Reuters

Імправізаваныя рэчавыя рынкі - не рэдкасць для кішынёўскіх плошчаў.

Імправізаваныя рэчавыя рынкі - не рэдкасць для кішынёўскіх плошчаў.

«Вы ж, калі будзеце вяртацца ў Малдову, ні ў якім разе не купляйце білет!» — бяжыць следам за мной правадніца цягніка Кішынёў—Бухарэст. «У сэнсе?» — не разумею я. «Ідзіце адразу да мяне, я вас за паўцаны правязу. І чэк любы выдам!» — тлумачыць яна. Навар правадніцы з кожнага «левага» білета складае $20. Некалькі дадатковых пасажыраў — і добрая прыбаўка да зарплаты гарантаваная.

Сярэдні заробак у Малдове складае $260 на рукі. Гэта найменшая лічба ў Еўропе. Людзі выжываюць як могуць і не заўсёды звяртаюць увагу, ці законнымі сродкамі карыстаюцца для гэтага.

Расійская культурная прастора

У Беларусі і Малдовы шмат супольнага. Гэтае падабенства пачынаецца з белкамунмашаўскіх тралейбусаў у цэнтры Кішынёва, якія ходзяць на самых прэстыжных маршрутах. Дарэчы, мясцовае прадпрыемства па зборцы адкрывалася з дапамогай Еўрасаюза. Гэта адзін з нямногіх новых заводаў, пабудаваных за часы незалежнасці.

Дармовы праезд (каля 1500 беларускіх рублёў) і стомленая кандуктарка з адрыўнымі талончыкамі ледзь не ў кожным салоне — такое ўражанне, што з Мінска і не выязджаў.

У вачах еўрапейцаў абедзве краіны асацыіруюцца з глыбокім «саўком», да якога ў пошуках экзотыкі дабіраюцца самыя стойкія турысты. Сёлета за першае паўгоддзе Малдову наведалі ўсяго 5 тысяч афіцыйна зарэгістраваных падарожнікаў…

Малдаване адстаялі адзіную дзяржаўную мову, але савецкае мінулае і сувязі з Расіяй даюць пра сябе ведаць: на рынку грымяць Стас Міхайлаў і Грыгорый Лепс, глянцавыя часопісы ў шапіках завезеныя з Масквы, ды і вулічныя зазывалы спрэс рускамоўныя.

У сферы абслугоўвання ўсе ведаюць рускую мову. Хоць у школах яе і не вывучаюць.

«А чаму ў вас некаторыя цэннікі па-руску, а некаторыя — па-румынску?» — пытаюся ў прадавачкі выпечкі. «А табе якая справа? — з недаверам перапытвае тая і шчыра прызнаецца. — Проста я румынскай не ведаю».

Бюджэт трымаюць гастарбайтары

Эканомікі нашых краін шчыльна прывязаныя да Расіі. Аднак Малдова пачала саскокваць з нафтагазавай іглы значна раней. Вось ужо трэці год краіна атрымлівае расійскі газ па рынкавых цэнах. $370 за кубаметр — цана, якую даводзіцца плаціць за незалежнасць. Для параўнання, Беларусь сёлета купляе газ па $160.

Пры такіх цэнах жыць па сродках становіцца ўсё складаней. Штогод Малдова імпартуе замежных тавараў на $5 мільярдаў, а прадае свайго — на $2 мільярды. Чым кампенсуецца розніца?

Перадусім за кошт паступленняў ад гастарбайтараў. Малдаване, якія працуюць за мяжой, дасылаюць на радзіму па $1,5 мільярда штогод. І гэта толькі афіцыйныя падлікі. Даходы бюджэту тым часам складаюць усяго $2,5 мільярда.

«Мае бацькі з'ехалі ў Іспанію, здымаюць там дом. Тата стаў садоўнікам, мама прыбіральшчыцай. Пры гэтым высылаюць мне па 100—200 еўра штомесяц, адзенне, часам перадаюць нейкую тэхніку… Такую дапамогу ад сваякоў атрымлівае паўкраіны, — расказвае 25-гадовая Мар'яна, прадавачка ў найбуйнейшым гандлёвым цэнтры краіны «МОЛдова». — Чаму не паехала я? Спадзяюся, для Малдовы яшчэ не ўсё страчана. З'ехаць заўсёды паспею».

Такія розныя прыватызацыі

30-гадовы Іон Рудэй з'язджаць з Малдовы таксама не збіраецца. Ён працуе кіраўніком службы кантролю якасці ў кампаніі «ГазНатуралФеноса» — найбуйнейшым прыватным пастаўшчыку электраэнергіі ў Малдове. У пачатку стагоддзя іспанскі холдынг прыватызаваў тры дзяржаўныя прадпрыемствы. Цяпер гэта адна з самых паспяховых кампаній краіны.

Заробак Іона больш чым удвая перавышае сярэдні ў краіне. Ён спадзяецца, што інтэграцыя з Еўрасаюзам прывядзе ў Малдову заходнія інвестыцыі.

«Галоўнае адрозненне ў тым, што еўрапейцы варушацца, не стаяць на месцы. Пакуль я працую, у кампаніі прайшло тры аптымізацыі. Нейкая схема не працуе — яе адразу ж змяняюць на іншую. А на дзяржаўным прадпрыемстве, нашым канкурэнце, усё стаіць нязменна з часоў развалу СССР…». Пры гэтым тарыфы ў прыватніка ніжэйшыя, чым у дзяржавы, адзначае ён.

Зрэшты, бываюць прыклады і менш паспяховай прыватызацыі. Скандал апошніх месяцаў — сітуацыя з Кішынёўскім міжнародным аэрапортам. Урад Малдовы правёў закрыты конкурс і перадаў яго ў кіраванне расійскай кампаніі «Авія-Інвест» на 49 гадоў. Дзяржава ж будзе ўсяго атрымліваць 1% даходаў аэрапорта. Раней аэрапорт зарабляў на падтрыманне інфраструктуры па 5 мільёнаў еўра штогод. Навошта было за закрытымі дзвярыма перадаваць яго малавядомай расійскай кампаніі? Мясцовыя палітычныя сілы абвіначвалі ў карупцыйнай змове адна адну, аднак адказу на пытанне так і не знайшлі.

Апошні крок да Еўропы

У канцы лістапада Малдова зацвердзіла Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Запланаванае і пагадненне аб свабодным гандлі. «Яны ўступяць у сілу не адразу, найхутчэй налета, аднак у Малдове яго ўспрымаюць як кропку незвароту ў выбары паміж расійскім і еўрапейскім вектарамі развіцця, — расказвае палітолаг Аляксандр Мэлуш. — Камуністы выступаюць катэгарычна супраць падпісання дакументаў, хоць раней таксама прапагандавалі збліжэнне з Еўропай. У краіне вялікая незадаволенасць урадам, аднак веры камуністам таксама няма».

Расія спрабуе ўтрымаць Малдову побач з сабой і не пусціць яе да Еўрасаюза. Спачатку ў ход пайшло эмбарга на малдаўскае віно, уведзенае рукамі змагара за чысціню імпартаванай прадукцыі Генадзя Анішчанкі. У краіны Мытнага саюза Малдова прадае каля 60% вырабленага віна. Аднак Беларусь і Казахстан не забаранялі пастаўкі, таму ўдар па галіне эканомікі аказаўся не такім моцным.

У дадатак Еўрасаюз адрэагаваў прыгожым жэстам, адмяніўшы квоты на пастаўкі малдаўскага віна. Маўляў, вязіце на продаж колькі хочаце, абы адпавядала еўрапейскім стандартам якасці.

Наступным прымусам да сяброўства з Расіяй аказалася пагроза дэпартацыі малдаўскіх гастарбайтараў. Мікрааўтобусы з імі паказальна разварочвалі на мяжы. Забарона на ўезд у Расію пагражае 200 тысячам малдаван — у такую лічбу ацэньваецца рынак нелегальных работнікаў.

 

У сітуацыі, падобнай да малдаўскай, аказалася і Арменія. Праз аддаленасць ад Еўрасаюза армянам давялося пагадзіцца з настойлівымі расійскімі «прапановамі» аб сяброўстве. Ці ўдасца пратрымацца Малдове?

Малдаўская эканоміка за 2012

Імпарт — $5,2 мільярда
Расія — $815 мільёнаў
Румынія — $620 мільёнаў
Украіна — $595 мільёнаў

Экспарт — $2,2 мільярда
Расія — $655 мільёнаў
Румынія — $355 мільёнаў
Італія — $200 мільёнаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?