Футбалісты «Полацка» на пазамінылух выхадных не змаглі дабрацца на гульню першай лігі Чэмпіяната Беларусі па футболе ў Слонім.

Дырэктар каманды Яраслаў Камарыцкі эмацыйна зазначыў: «Нас кінулі! Дырэктар клуба проста прапаў». Як стала вядома, дырэктар «Полацка» Уладзімір Арэстаў сапраўды знік пасля адной з гульняў. Дзе ён цяпер, ніхто не ведае.

Пра сітуацыю ў камандзе пагадзіўся расказаць брамнік Віталь Рыдлевіч.

«На апошнія два выезды дабіраліся маршруткамі «Паўночная губернія». Нам ішлі насустрач, вазілі ў пазыку. Перад гульнёй, дзесьці а палове на дванаццатую ночы, патэлефанавалі ды сказалі, што выезду не будзе. Бо не аплацілі папярэднія».

Да жніўня ў «Полацку» гулялі зусім іншыя людзі.

Аднак пасля таго, як у камандзе пачаліся фінансавыя праблемы, большасць гульцоў вырашылі звольніцца. Рыдлевіч быў адзіным, каго ўгаварылі застацца.

«Полацк» з крэпкага серадняка пераўтварыўся ў беспрасветнага аўтсайдара. Вынікі матчаў таксама гавораць пра многае — 0:7, 0:8.

«Трэніровак як такіх няма. Усе хлопцы працуюць, збіраюцца толькі на гульні, — кажа Віталь Рыдлевіч. — Не шкадую, што застаўся. Цяпер маю некалькі прапановаў ад іншых клубаў».

Заробкі гульцам не плацяць. «Апошні аддалі за чэрвень, на картку залічылі дзесьці 2 мільёны. Мясцовыя футбалісты ўвогуле гуляюць задарма. Летась былі заробкі на ўзроўні першай лігі. Не самыя малыя і не самыя высокія. Выходзіла дзесьці мільёны 4. Плюс клуб аплочваў харчаванне, здымаў кватэры. Сёння вялікія пазыкі перад рэстаранам, з жыллём таксама варыянтаў няма».

Каманда ўвесь другі круг адгуляла без галоўнага трэнера.

Былы быў звольнены, а новы так і не прызначаны. Яраслаў Камарніцкі фармальна з’яўляецца старшым трэнерам, аднак сам выходзіць на поле. «Ён добры чалавек, але не трэнер. Сеткі павесіць, поле пафарбаваць, Камарніцкі ўсім гэтым займаецца, а не трэніровачным працэсам».

Была інфармацыя, што «Полацк» можа ўзначаліць вядомы ў краіне спецыяліст Вячаслаў Акшаеў. «Мы таксама чулі. Ён прыязджаў на перамовы, але старшыня гарвыканкама сказаў, што ў яго жніво і часу размаўляць няма. Другі раз Акшаеў не паехаў», — кажа Рыдлевіч.

Дарэчы, менавіта з іменем новага полацкага граданачальніка Мікалая Шэўчука і звязваюць праблемы клуба. «Нікому з чыноўнікаў каманда не патрэбная. Калі нехта з вобласці ці федэрацыі тэлефануе, то кажуць: «Дапаможам, усё будзе добра». На справе ж нічога не рухаецца з мёртвай кропкі».

Па рэгламенце за другі недаезд каманду павінны зняць з розыгрышу чэмпіянату, аднак у федарацыі загадалі, каб «Полацк» дагуляў першынство да канца.

У заключным туры «Полацк» атрымаў разгромнае паражэнне ад «Смалявічаў» 0:9 і фінішаваў у чэмпіянаце першай лігі на апошнім 16-м месцы з 10 баламі.

Ад выратавальнага 14-га месцы адлегласць складала цэлых 16 балаў. Розніца забітых і прапушчаных мячоў склала 10—92

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?