Удзячныя таты змалявалі ўвесь асфальт пад вокнамі абласнога перынатальнага цэнтра. У лячэбнай установе вымушаны прымаць меры, піша «Гродзенская праўда».

Таблічкі, якія забараняюць пісаць на асфальце, на тэрыторыі перынатальнага цэнтра ўсталяваны даўно. Але на такія папярэджанні, падобна, шчаслівыя бацькі не звяртаюць увагі. Выказаць «падзяку» на асфальце стала свайго роду традыцыяй. І галаўным болем для лячэбнай установы.

Добра, калі ў маладога таты ў руках толькі каляровыя крэйды. Але ж узбройваюцца і фарбай, накладваючы «падзякі» адна на адну. Такое пачуццё, што і ў памерах надпісаў ідзе сакрэтнае спаборніцтва. Адно тварэнне было настолькі вялікае, што кіраўніцтва цэнтра звярнулася ў міліцыю.

Участковы склаў акт, і зараз «дзякуй за спадкаемцу» можа абыйсціся аўтару надпісу да пяцідзесяці базавых велічынь (6,5 млн рублёў). Гэта ў адпаведнасці з заканадаўствам. Бо надпіс на тратуарнай плітцы расцэньваецца як наўмыснае пашкоджанне маёмасці.

Галоўны лекар Уладзімір Звярко у гутарцы з карэспандэнтам «ГП» запэўніў, што калектыў перынатальнага цэнтра таксама радуецца з'яўленню на свет кожнага дзіцяці і падзяляе радасць бацькоў.

Але гэта не служыць апраўданнем для тых, хто дадае клопатаў работнікам цэнтра. Уявіце, у што ператварылася б тэрыторыя пад вокнамі, калі б надпісы не прыбіралі.

Часам сорамна за некаторых «пісьменнікаў», зусім не дасведчаных у арфаграфіі. Два-тры словы і столькі ж памылак!

Апошнім часам выцесненыя з тэрыторыі цэнтра таты перамясціліся на гарадскі тратуар. А каб мамы з вокнаў змаглі разглядзець «падзякі», шрыфт павялічваюць.

Кіраўніцтва радзільні ўжо накіравала з гэтай нагоды заявы ў міліцыю і Спецаўтагаспадарку. Новаспечаных жа бацькоў просяць выказваць свае эмоцыі іншым спосабам. Балазе такіх магчымасцяў, якія пацешаць жанчын і нікому не нашкодзяць, дастаткова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?