Пераканаўчага посьпеху на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне дасягнуў блёк Юліі Цімашэнкі. Разам «памаранчавыя партыі» зоймуць 228 месцаў у 450-мясцовай Вярхоўнай Радзе. Філёзаф Мікола Рабчук для nn.by: Але для прарыву патрэбныя непапулярныя крокі.

Пераканаўчага посьпеху на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне дасягнуў блёк Юліі Цімашэнкі.

Вынікі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў значнай ступені аказаліся сэнсацыйнымі. Партыі, якія ўзначальваюць Юлія Цімашэнка і Віктар Юшчанка, дасягнулі нашмат лепшага выніку, чым на папярэдніх выбарах, і нават чым прадказвалі сацыёлягі на першых этапах кампаніі.

Адставаньне Блёку Цімашэнкі ад Партыі рэгіёнаў скарацілася ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі з 11 да 3,5 %.

Разам партыі Цімашэнкі і Юшчанкі атрымаюць 228 мандатаў у новай Радзе. У папярэдняй яны мелі пасьля выбараў 208, прычым за час існаваньня Рады Януковіч перакупіў 30 дзясяткі дэпутатаў зь іхных шэрагаў.

Партыя рэгіёнаў і кампартыя, што абапіраюцца на расейскамоўнае насельніцтва ўсходу Ўкраіны, будуць мець у новай Радзе 202 мандаты.

Яшчэ 20 месцаў зоймуць прадстаўнікі дробнай цэнтрысцкай групоўкі без выразнай ідэалягічнай пазыцыі.

Вынікі выбараў з розьніцай да 0,1—0,4 % супалі з дадзенымі чатырох праведзеных экзыт-полаў. Назіральнікі таксама ацэньваюць магчымасьць фальшаваньня выбараў ва Ўкраіне ў 1 %. Выбарчы працэс там празрысты, у склад камісій уваходзяць прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў, датэрміновае галасаваньне абмежаванае 0,5 % ад выбарцаў, а назіральнікі маюць магчымасьць сачыць за ўсімі этапамі падліку галасоў. У гэтым адрозьненьне ўкраінскай выбарчай працэдуры ад беларускай.

Пасьля падліку 99,9 % бюлетэняў, Партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча мае 34,3 %. У сьпіну ёй дыхаюць цімашэнкаўцы з 30,7%. Затым – “Наша Ўкраіна” (14,2 %). У Камуністычнай партыі 5,4 %. Блёк Літвіна атрымаў 4 %.

Для параўнаньня прыводзім вынікі парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне паўтарагадовай даўніны (красавік 2006 г.): БЮТ – 22,29 %, Партыя рэгіёнаў – 32,14 %, “Наша Ўкраіна” – 13,95 %, КПУ – 3,66 %, СПУ – 5,69 %, Блёк Літвіна – 2,44 %.

Паводле старшыні ўкраінскага ЦВК Уладзімера Шапавала агулам у датэрміновых парлямэнцкіх выбарах узялі ўдзел 62,51 % выбаршчыкаў.

На беларускіх выбарчых участках найбольшую колькасьць галасоў набрала Партыя рэгіёнаў.

Юлія Цімашэнка спадзяецца сфармаваць урад. На тое самае разьлічвае і Віктар Януковіч. Прэзыдэнт Юшчанка ў сераду зьвярнуў заклік да фармаваньня ўрадавай кааліцыі да ўсіх трох асноўных палітычных сілаў, што можа быць знакам таго, што ён хацеў бы ўтварэньня шырокай кааліцыі, якая б задавальняла і ўсход, і цэнтар краіны.

Ю. Цімашэнка ў адказ заявіла, што ня ўвойдзе ў адну кааліцыю з Партыяй рэгіёнаў.

* * *

Мікола Рабчук: Для ўкраінскага прарыву патрэбныя непапулярныя крокі

Вынікі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў камэнтуе ўкраінскі філёзаф Мікола Рабчук:

“Выбары адбыліся – гэта самае галоўнае. Здаецца, што ніхто ня будзе абскарджваць іх вынікі, бо парушэньні, калі і былі, то ня вельмі істотныя. Вынік выбараў таксама досыць прадказальны. Адзінай нечаканасьцю зьяўляецца досыць вялікі працэнт, які набраў БЮТ. Разам з тым, абсалютнай большасьці ў парлямэнце не атрымаў ніхто. Гэта азначае, што ў Радзе ізноў пачнецца весьціся гандаль за тое, каму выгадна, а каму ня вельмі ўваходзіць у кааліцыі. Гэта не на карысьці нікому. Найхутчэй, усё ж будзе сфарміраваная аранжавая кааліцыя. Але гэтыя палітыкі настолькі папулісты і вартыя на ўсялякія абяцанкі, што ўрэшце Ўкраіна ад гэтага ня выйграе. Дзеля сапраўднага ўкраінскага прарыву патрэбныя не папулісцкія, а наадварот, не папулярныя сярод насельніцтва крокі. Баюся, што гэты парлямэнт будзе няздольны на такое. Сёньня ўжо дакладна зразумела, што другога Майдану ня будзе. Нават калі людзі і выйдуць на плошчу, то хутчэй за ўсё гэта будзе апэрэткавы Майдан, які не прастаіць больш за некалькі тыдняў. Людзі вельмі стаміліся ад палітыкі”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?