Фота Reuters
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заклікала ўдзельнікаў акцый пратэсту да парадку. МУС заяўляе, што не будзе перашкаджаць мірным пратэстам у выпадку захавання парадку і не будзе абмяжоўваць права грамадзян на свабоду, паведамляе korrespondent.net
Паводле звестак міліцыі, выклікаюць занепакоенасць спробы некаторых удзельнікаў мітынгаў, якія праходзяць у Кіеве, справакаваць праваахоўнікаў.
«Нягледзячы на колеры сцягоў і лозунгі, пад якімі людзі ідуць на дэманстрацыі, міліцыянты паважаюць меркаванне кожнага дэманстранта і імкнуцца толькі да таго, каб на вуліцах краіны было спакойна», — гаворыцца ў паведамленні міліцыі.
Як адзначаецца, МУС заклікае да парадку і папярэджвае аб тым, што ў выпадку парушэння закона міліцыя будзе вымушана прыцягнуць вінаватых да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.
У прыватнасці, дадалі ў міліцыі, перакрыццё вуліц, невыкананне рашэнняў суда, пашкоджанне маёмасці і іншыя супрацьпраўныя дзеянні могуць стаць падставай для «прымянення мер уздзеяння на парушальнікаў закона».
Нагадаем, што ў Кіеве працягваецца бестэрміновая акцыя пратэсту супраць рашэння ўрада адкласці падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.
Грамадзяне збіраюцца ў цэнтральнай частцы горада — на Майдане Незалежнасці, на Еўрапейскай плошчы, а таксама ля будынка Кабінета міністраў.
Па стане на панядзелак 25 лістапаа, адбылося некалькі сутычак і боек паміж удзельнікамі акцый пратэсту і супрацоўнікамі МУС Украіны. Сёння з'явілася інфармацыя аб тым, што з'явіліся першыя затрыманыя.