У Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці прыняты ўзмоцненыя меры бяспекі ў сувязі з выяўленым у суседнім Шумяцкім раёне Смаленскай вобласці Расіі ачагом афрыканскай чумы свіней — тут быў забіты дзік з вірусам АЧС, паведамляе БелаПАН.

Тэрыторыя Клімавіцкага раёна абвешчаная «другой зонай пагрозы»: пасля непрацяглага зацішша ад прыватных гаспадароў зноў патрабуюць, каб яны пазбыліся свойскіх свіней.

Райвыканкам прыняў спецыяльную пастанову. Што канкрэтна яна прадугледжвае, высветліць не ўдалося. Аднак, як вынікае з афіцыйных растлумачэнняў, на рынках раёна забараняецца прадаваць свіней і прадукты свінагадоўлі з прыватных гаспадарак. Нельга іх вывозіць і за межы раёна.

Супрацоўнікі ветэрынарнай службы абыходзяць прыватныя падворкі і папярэджваць пра недапушчальнасць гадоўлі свіней. Людзям выпісваюць прадпісанні з пазначэннем тэрміну, да якога яны павінны пазбыцца жывёлы.

«Усё прапісана ў 758-й пастанове Савета міністраў. У пяцікіламетровай зоне вакол свінагадоўчых аб'ектаў і комплексаў не павінна быць свіней ні ў насельніцтва, ні ў супрацоўнікаў», — тлумачыць галоўны ветэрынарны ўрач раёна Сяргей Зянько.

Прыватныя гаспадары кажуць, што зацішша з папярэджаннямі доўжылася каля двух месяцаў. Цяпер усё паўтараецца наноў, як у жніўні.

«Ужо два разы хадзілі, кажуць — чума набліжаецца, — дзеліцца адзін з вяскоўцаў. — Сказалі, каб да новага года свіней не было. Усіх разам жа не заб'еш — у некаторых два, тры парасяці, а то і больш. А ля нас недалёка дзяржаўныя свінакомплексы. Быў старшыня савета, дык сказаў: «Цяпер курэй купляйце».

У вёсках з неахвотай падпарадкоўваюцца патрабаванням кантралёраў. Лічаць, што хваля запалохванняў зноў мінецца і наступіць зацішша. Адно з такіх меркаванняў: «Сказалі, што будуць хадзіць правяраць і штрафы даваць, але так гэта ці не — хто яго ведае. Нас во папярэдзілі ў жніўні, мы ўзялі ды і забілі. А некаторыя людзі не забілі — і слушна зрабілі. Хоць салам пачаставаліся, а мы толькі шкуркі ядзім. Цяпер жа кароў мала хто трымае. У нас у вёсцы дзесяць кароў усяго, і ад іх пазбаўляюцца».

Ёсць сярод вяскоўцаў і тыя, хто з разуменнем ставіцца да ўзмацнення мераў бяспекі, аднак і яны прызнаюць, што даводзіцца праз сілу падпарадкоўвацца. Спадзяюцца, што некалі сітуацыя зменіцца да лепшага. «Людзі розумам разумеюць, а вось сэрцам — не, — разважае жыхар адной з вёсак. — Калі б вы былі на месцы гэтага селяніна, які трымае парсюка, у якога дужа малы заробак ці пенсія, і пазбавіць яго гэтага свінча — ці задаволеныя людзі будуць, як вы думаеце? І дзецям жа даводзіцца дапамагаць».

За апошнія паўгода ў Смаленскай вобласці Расіі зарэгістраваны 21 выпадак афрыканскай чумы свіней. Інфекцыю выяўлялі і ў дзікоў, і ў свойскіх свіней. На тэрыторыі пяці гаспадарак накладзены каранцін, сярод іх — акцыянернае таварыства «Заімка» Шумяцкага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?