Новая эмблема клуба «Маладзечна» − толькі на беларускай мове!
На новай эмблеме футбольнага клуба «Маладзечна», якую ствараюць заўзятары на беларускай мове, будзе ўказаны год заснавання клуба − 1949.
Пытанні наконт новай эмблемы мы задалі чалавеку, які працуе над яе змяненнем, удзельніку ультрас-групы Арцёму.
− Ці праўда тое, што новая эмблема клуба будзе на беларускай мове?
− Фанацкі сектар вырашыў так. Эмблема павінна быць на беларускай мове.
− Вядома, што ў дырэктара клуба на гэты конт іншае меркаванне.
− Мы паважаем і яго выбар таксама. Мяркуем, што напярэдадні сезона мы ўсё ж такі правядзём галасаванне, на якой мове павінна быць эмблема. Хочацца, каб на гэтую тэму выказаліся тыя, каму насамрэч неабыякавы лёс маладзечанскага футбола. І каб меркаванні гэтыя былі падмацаваныя нейкімі аргументамі.
− Дзе і калі з’явіцца галасаванне?
− Давайце спачатку дачакаемся, што будзе з клубам. Як і ў мінулы год, міжсезонне пройдзе ў хваляваннях: ці будзе ж існаваць каманда?
− Эмблема зменіцца кардынальна?
− Не. Ніхто ў гэтым незацікаўлены. Эмблема маладзечанцаў мае сваю гісторыю, яна добра вядомая ўсім аматарам футбола, таму змяняць яе кардынальна няма сэнсу. Адзінае, што зменіцца: колеравае рашэнне будзе больш яскравым і замест літар «МП» на эмблеме з’явіцца год заснавання каманды − 1949.
Каментары