Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў, што ўкраінскае грамадства будуецца на еўрапейскіх стандартах і альтэрнатывы гэтаму няма.

«Сёння я хацеў бы падкрэсліць — альтэрнатывы пабудове грамадства еўрапейскіх стандартаў на Украіне няма», - гаворыцца ў звароце кіраўніка дзяржавы да ўкраінскага народа, размешчаным на сайце прэзідэнта ў панядзелак.

Па словах прэзідэнта, рэформы, якія праводзяцца ва Украіне - гэта пацвярджэнне таго, што «мы ідзем па еўрапейскім шляху».

Прапануем поўны тэкст звароту (пераклад сайта novychas.info)

«Паважаныя суайчыннікі!

У бліжэйшы час я зраблю шырокае інтэрв'ю на тэлебачанні і адкажу на ўсе пытанні. А сёння я хацеў бы падкрэсліць — альтэрнатывы пабудове грамадства еўрапейскіх стандартаў ва Украіне няма. І мая палітыка на гэтым шляху заўсёды была і застаецца паслядоўнай.

Рэформы, якія мы здзяйсняем, — гэта пацвярджэнне таго, што мы ідзем па еўрапейскаму шляху.

Мы будуем дзяржаву, у якой правы чалавека, роўнасць усіх перад законам, права выбару, сацыяльная абарона з'яўляюцца вышэйшымі каштоўнасцямі для ўсіх, без адрознення, у якім ты рэгіёне пражываеш і на якую плошчу выходзіш.

І як прэзідэнт хацеў бы запэўніць грамадзян Украіны — я буду развіваць і ўмацоўваць гэтыя бясспрэчныя падмуркі нашага жыцця.

У нас ніхто не ўкрадзе мару пра Украіну роўных магчымасцяў, аб еўрапейскай Украіне. Гэтак жа як ніхто не сапхне нас з праведнай дарогі, якая вядзе да гэтай мары.

Мы шмат прайшлі, і яшчэ нямала нам прайсці трэба. Самымі складанымі на гэтым шляху былі, ёсць і заўсёды будуць эканамічныя праблемы.

Але я быў бы несумленным і несправядлівым, калі б не паклапаціўся пра самых абяздоленых і неабароненых, на якіх можа быць ускладзены асноўны цяжар пераходнага перыяду. Я быў бы, мякка кажучы, няправы, калі б не зрабіў усяго, што трэба зрабіць, каб людзі не гублялі працоўныя месцы, каб яны атрымлівалі заробкі і пенсіі, стыпендыі.

Я хачу, каб у нашай вялікай ўкраінскай сям'і быў мір і спакой. Як бацька не можа пакінуць сям'ю без хлеба, так і я не маю права пакінуць людзей на волю лёсу з тымі праблемамі, якія могуць паўстаць, калі пад ціскам, які мы адчуваем, спыніцца вытворчасць, і мільёны грамадзян будуць выкінутыя на вуліцы. Таму мне даводзіцца звяртацца да няпростых рашэнняў. Таму я часам рызыкую быць незразуметым. І таму я прашу сёння наш народ ўважліва выслухаць мяне асабіста.

Я ніколі не зраблю ні аднаго кроку ў шкоду Украіне і народу. Воля грамадзян Украіны была, ёсць і будзе вырашальнай для кожнага майго рашэння.

Я хачу, каб людзі ведалі гэта.

Я дзякую ўсім за высокую грамадзянскую свядомасць. У інтэрв'ю тэлевізійных каналах я больш падрабязна распавяду пра нашыя сумесныя крокі і дзеянні, якія мы будзем рабіць разам. Спадзяюся на разуменне і падтрымку.

Я веру — мы пераадолеем усе цяжкасці на шляху развіцця нашай дзяржавы, таму што няма такіх перашкод, якія не пераадолеў бы мудры і згуртаваны народ.

Мы ніколі і нікому не павінны дазваляць перашкаджаць нам. Малітвы і мары мільёнаў спадзяюцца на Божую волю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?