Актывы ў кітайскіх юанях будуць уключацца ў склад міжнародных рэзэрвавых актываў Рэспублікі Беларусь у нацыянальным вызначэньні (золатавалютныя рэзэрвы).

Уключэньне актываў у кітайскіх юанях у разьлік паказьніка міжнародных актываў Беларусі ў нацыянальным вызначэньні абумоўлена як тэмпамі росту кітайскай эканомікі й павелічэньнем ейнай вагі ў структуры сусьветнага гандлю, так і значным пашырэньнем двухбаковых эканамічных узаемінаў між Беларусьсю і Кітаем.

Апроч таго, цягам некалькіх апошніх гадоў назіраецца стабільнае павелічэньне таваразвароту між дзьвюма дзяржавамі, пры гэтым у найбліжэйшай будучыні чакаецца яго значны рост. Гэтак, ужо па выніках сямі сёлетніх месяцаў аб’ем узаемнага зьнешняга гандлю склаў 692 мільёны даляраў, што на 80% болей у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам.

Нацыянальны банк Беларусі з 1 верасьня 2006 году ў склад міжнародных рэзэрваў краіны ў нацыянальным вызначэньні ўключае актывы ў расейскіх рублях. Аднак цяпер найбольшая колькасьць валютных рэзэрваў даводзіцца на долю актываў у далярах ЗША.

Як паведамляў раней старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пятро Пракаповіч, галоўная банкаўская ўстанова краіны плянуе паступова павялічваць долю расейскіх рублёў і эўраў у валютных рэзэрвах. Ня адпрэчваецца таксама магчымасьць уключэньня актываў у японскай ене ў склад залатавалютных рэзэрваў. Зьмяненьне структуры валютных рэзэрваў будзе адбывацца ў залежнасьці ад таго, як будуць мяняцца суадносіны валют у зьнешнім гандлі Беларусі.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0