Сталічны стадыён «Дынама» пасля рэканструкцыі павінен быць сертыфікаваны на першую катэгорыю для магчымасці правядзення на ім міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.

Пра гэта на пасяджэнні Гарадской архітэктурна-горадабудаўнічай рады распавёў в.а. начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Валянцін Баравок.

«У лёгкай атлетыцы разыгрываецца 47 камплектаў алімпійскіх узнагародаў, таму вырашана развіваць у краіне гэты кірунак і прынятая канцэпцыя: стварыць у краіне сучасны лёгкаатлетычны стадыён.

Для гэтага рэканструююць «Дынама», які заўсёды выкарыстоўваўся для двух відаў спорту», — удакладніў В. Баравок.

Зараз архітэктары «Мінскпраекта» распрацоўваюць эскізнае рашэнне. Абавязковай умовай становіцца наяўнасць побач з галоўнай арэнай разміначнага поля. Казырок над трыбунамі неабавязковы, але пажаданы — сусветная практыка паказвае, што ўсе сучасныя стадыёны альбо цалкам, альбо часткова крытыя.

Колькасць месцаў для гледачоў выразна не рэгламентавана, але прапануецца іх колькасць паменшыць як мінімум да 26 тыс.

«Што тычыцца футбола, то на стадыёне «Трактар» будзе адрамантаваны будынак футбольнай школы і, магчыма, з'явіцца надбудова другога паверха, — адзначыў В.Баравок. — Ёсць прапанова побач з гэтым спартыўным аб'ектам з удзелам інвестара пабудаваць сучасны нацыянальны футбольны стадыён, які адпавядаў бы 4-й катэгорыі УЕФА».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?