Tut.by

Tut.by

Паводле інфармацыі «Прессбола», КДБ праводзіць праверку па справе ўчорашняга чыноўніка аргкамітэта чэмпіянату свету па хакеі Генадзя Аляксеенкі і старшыні нацыянальнай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва.

Абодва былі затрыманыя, але вядома, што Канаплева пасля трох сутак арышту адпусцілі на свабоду.

Затрыманне аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі — добрая нагода, каб узгадаць некаторыя факты з ягонай біяграфіі.

Шклоўскі

Будучы палітык нарадзіўся ў вёсцы Акулінцы Магілёўскага раёна.

Дарэчы, наконт яго даты нараджэння ёсць розныя меркаванні.

Як і ў Аляксандра Лукашэнкі, у Канаплёва блытаніна з днямі нараджэння. Іх… два. Паводле пашпартных звестак, ён нарадзіўся 3 студзеня 1954. Гэта значыцца, што на пенсію Канаплёў выйдзе праз месяц. Але некалькі тыдняў таму, 14 лістапада, гандбольная федэрацыя ўжо віншавала яго з 60-годдзем. Паводле іх дакументаў, Канаплёў нарадзіўся 14 лістапада 1953 г.

Кар’ера Уладзімір Канаплёва да яго прыезду ў Мінску ўключала ўсяго два гарады — Магілёў і Шклоў.

У Магілёве Канаплёў атрымаў вышэйшую адукацыю. У тыя часы і адбылося яго лёсавызначальнае знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам. Яно здарылася ў сценах Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. «Мы вучыліся паралельна з прэзідэнтам у 1971—1975. Ён гісторык, я — географ. Першыя два гады жылі ў адным інтэрнаце, на адным паверсе, — расказваў Канаплёў «Камсамольскай праўдзе». — Нас яднаў спорт. Гэта ў першую чаргу футбол. На гістфаку была добрая каманда, і Лукашэнка гуляў у ёй не апошнюю ролю. Я на геафаку сціпла гуляў у абароне. Паміж намі было пэўнае суперніцтва з пераменным поспехам».

Адслужыўшы ў войску, Канаплёў размеркаваўся ў Шклоў, дзе правёў наступныя 15 гадоў свайго жыцця. Працаваў настаўнікам геаграфіі ў гарадской школе-інтэрнаце, намеснікам дырэктара сярэдняй школы, а пасля інспектарам па справах непаўналетніх у шклоўскай міліцыі.

Сарваў імпічмент

У камандзе Лукашэнкі Канаплёў апынуўся ў 1991-м. Да прэзідэнцкіх выбараў ён лічыўся памочнікам народнага дэпутата, сумяшчаючы гэтыя абавязкі з працай у школе.

Актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, сабраўшы са сваёй камандай каля 70 тысяч подпісаў за Лукашэнку.

Пасля перамогі стаў галоўным памочнікам прэзідэнта. У 1995 Канаплёў быў абраны ў парламент. Там ён пратрымаўся да 2007, прычым апошнія гады — спікерам.

«Хвіліна славы» Канаплёва ў гісторыі Беларусі — гэта сарванае галасаванне ў парламенце ў 1996-м.

Вярхоўны Савет рыхтаваў імпічмент Аляксандра Лукашэнкі, а той хацеў разагнаць парламент з дапамогай рэферэндуму. Быў дасягнуты папярэдні кампраміс: дэпутаты спыняюць працэдуру імпічменту, а Лукашэнка адмаўляецца ад правядзення рэферэндуму.

Аднак у апошні момант Канаплёў, кіраўнік прапрэзідэнцкай фракцыі «Згода», даў загад сваім паплечнікам у парламенце прагаласаваць супраць кампраміснага рашэння. Гэта дало падставу Лукашэнку прызначыць рэферэндум і на ім змяніць канстытуцыю. А імпічмент ажыццявіць так і не ўдалося.

Сышоў у гандбол

У 2007 Канаплёў, спаслаўшыся на дрэннае здароўе, сышоў з палітыкі. На той час на ім «вісела» гандбольная федэрацыя.

Канаплёў не стаў адракацца яе і ўсур’ёз заняўся спортам.

Дзякуючы Канаплёву беларускі гандбол атрымаў другое дыханне, прызнавалі эксперты. Наменклатурныя сувязі дазвалялі яму забяспечваць фінансаванне гэтага віду спорту нават пасля адстаўкі.

З усіх чыноўнікаў-кіраўнікоў федэрацый ён быў самым паспяховым.

Мужчынская зборная стала зноў трапляць на топ-турніры, і нават самы дарагі гандбаліст свету беларус Сяргей Рутэнка вырашыў гуляць не за зборную Іспаніі, а за родную Беларусь.

Ціхае жыццё ў Драздах

Як і іншыя лукашэнкаўцы, у сярэдзіне 2000–х Канаплёў пасяліўся ў асабняку ў Драздах. Плошча 600 квадратаў, тры паверхі, тэраса, альтанка ў двары, паўкіламетра да возера — пастаральнае жыццё багатага пенсіянера.

Ды яшчэ і прыемныя суседзі побач — «памежнік» Леанід Мальцаў і сям'я былога мэра Міхаіла Паўлава.

Раней Канаплёў жыў у службовай чатырохпакаёўцы каля «Белай вежы», аднак кватэру не прыватызаваў, вярнуў дзяржаве.

Сыны ў бізнэсе

Канаплёў адышоў ад дзяржаўных справаў, затое пачалі рабіць кар’еру ягоныя сыны. Яны знайшлі сябе ў камерцыі. Малодшы Дзяніс пяць гадоў таму працаваў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы ў мінскім рэстаране. Цяпер ён стаў паўнавартасным бізнэсмэнам — набыў бар насупраць Кастрычніцкай плошчы. Дзянісу Канаплёву належыць City-cafe Boulevard.

Як даведалася «Салідарнасць», ён уласнік яшчэ і Wine&whiskey bar Mixx на рагу праспекта Машэрава і вуліцы Чырвонай.

Пра старэйшага сына Мікалая вядома менш. Пазалетась Уладзімір Канаплёў у інтэрв’ю «Народнай газеце» расказаў, што сын вывучыў кітайскую мову і мае бізнэс у гэтай краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?