Калі мы спадзяемся на перамены ў Расіі, то спачатку трэба дачакацца доўгатэрміновага падзення коштаў на нафту.

Радаслаў Сікорскі. Фота K.Čachovskio, DELFI

Радаслаў Сікорскі. Фота K.Čachovskio, DELFI

Такую пазіцыю ў Вільні выказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, паведамляе партал ru.delfi.lt.

Сікорскі не хавае, што звязвае віражы Расіі ў знешняй палітыцы са жменькай алігархаў, якія кіруюць трацінай усяго вялізнага багацця краіны.

«Расія валодае іншай сацыяпалітычнай мадэллю, на дадзены момант стабільнай. Адзін паказчык, думаю, гэта ілюструе. 35 % расійскіх багаццяў належаць 110 індывідам», — сказаў Сікорскі на канферэнцыі «Ацэнка Усходняга партнёрства: выклікі і парадак дня грамадзянскай супольнасці».

Паводле яго слоў, шараговыя жыхары Расіі са стала алігархаў пакуль атрымліваюць дастаткова драбкоў. Нібыта сітуацыя змянілася б толькі тады, калі б надоўга і значна патаннела нафта.

«Пакуль цана на нафту складае больш за 100 даляраў за барэль, гэта (лад у Расіі — DELFI) можа падтрымлівацца. Паколькі досыць трапляе і да простых расейцаў. ( … )

У Расіі сур'ёзныя рэформы пачнуцца, быць можа, толькі тады, калі кошт на нафту ўпадзе ніжэй за 100 даляраў хаця б на некалькі гадоў», — прагназаваў Сікорскі.

Логіка Януковіча: эканоміку выратуе краіна, якая нядаўна яе карала

Развіваючы тэму Украіны, Сікорскі шкадаваў у сувязі з рашэннем Кіева не падпісваць асацыятыўнае пагадненне з ЕС. Ён таксама адзначыў, што спробы кіраўніцтва Украіны лавіраваць паміж Усходам і Захадам з мэтай атрымання найбольш выгаднага варыянту, ЕС не цікавяць.

«Баюся, што Украіна ўстала на прамы шлях пазбаўлення яшчэ адной магчымасці. Прэзідэнт Віктар Януковіч вядомы нам, як абраны дэмакратычным шляхам прэзідэнт Украіны. (…)

Аднак гэты своеасаблівы аўкцыён так проста не спрацуе. Мы ў гэтай гульні не ўдзельнічаем», — працягнуў Сікорскі. Паводле яго слоў, некалькі дзесяцігоддзяў таму палякі бачылі Украіну як больш багатую краіну з вялікімі магчымасцямі.

Аднак у нейкі момант нешта павярнулася не ў тым напрамку. Адна з прычын, на думку палітыка — нежаданне змагацца з карупцыяй. «Ні вы, ні мы не можам прымусіць эліту Украіны пачаць ачышчэнне, змагацца з карупцыяй.

Гэта можна зрабіць. І параўнальна хутка. Ствараеш рэестр інтарэсаў, прымушаеш палітыкаў публікаваць дэкларацыі маёмасці. І караеш іх у выпадку падману. Гэтага дастаткова. 3-5 гадоў, калі дастаткова людзей засудзяць — дык другія засвояць і перастануць красці», — прадставіў Сікорскі свой рэцэпт.

Вядома ж, у кантэксце Украіны гаворка ішла і аб Расіі. Сікорскі не хаваў здзіўлення ў сувязі з тым, што быў абраны варыянт Расіі, а не ЕС. «Украіна спадзяецца на эканамічныя рашэнні ад краіны, якая толькі што ўжывала ў дачыненні да яе гандлёвыя санкцыі. Але я жадаю ўдачы», — іранізаваў Сікорскі.

Дыялог з Расіяй. Кажа толькі адзін бок?

Між тым міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт адзначыў, што Расія — тая краіна, з якой ЕС на дыпламатычным фронце працуе найбольш актыўна.

Карл Більт.Фота K.Čachovskio, DELFI

Карл Більт.Фота K.Čachovskio, DELFI

Аднак Масква нібыта сама дэманструе нежаданне пускацца ў больш глыбокі дыялог. «Некаторыя кажуць, што мы падтрымліваем недастатковы дыялог з Расіяй.

З Расіяй ЕС падтрымлівае больш актыўны дыялог, чым з кім-небудзь іншым. (…) Аб'ём дыялогу з Расіяй большы, чым з любымі іншымі краінамі. А калі мы падыходзім да зместу (дыялогу — DELFI), карціна іншая. (…)

Зараз расейцы кажуць: мы не хочам так хутка, не можам, не гатовыя. Яны — той бок, які менш хоча супрацоўнічаць. Мы б хацелі больш працаваць з Расіяй», — сказаў Більт.

Расія спала. Але прачнулася своечасова

Іншы ўдзельнік дыскусіі, дырэктар знешняй палітыкі брытанскага Цэнтра еўрапейскіх рэформ Ян Бонд адзначыў, што Расія па-свойму «праспала» праграму Усходняга партнёрства і са спазненнем адрэагавала на спробы ЕС прабрацца ў зону ўплыву Крамля.

Ян Бонд. Фота K.Čachovskio, DELFI

Ян Бонд. Фота K.Čachovskio, DELFI

Аднак, прачнуўшыся, Масква распачала ясныя і вельмі актыўныя дзеянні. «У пэўным сэнсе, думаю, Расія павольна прачыналася. (…) Але калі расейцы прачнуліся, ім не спадабалася ўбачанае», — канстатаваў Бонд.

На яго думку, трэба падтрымліваць дыялог з Расіяй. Аднак у светапоглядах ЕС і Расіі ёсць істотная розніца. «Мы ў першую чаргу верым у суверэннасць суседзяў.

Па-другое — верым, што нам на карысць стабільныя, квітнеючыя і дэмакратычныя суседзі. І мне ўсё больш зразумела, што Расія не верыць у поўную суверэннасць сваіх суседзяў. Яна верыць у абмежаваную суверэннасць сваіх суседзяў.

Другое, яна бачыць падабенства, калі ёсць хоць нейкі ўзровень нестабільнасці і недахопу дэмакратыі. Гэта дазваляе тузаць за матузкі ўнутры гэтых краін», — сказаў спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?