«Хто, на вашу думку, пераможа ў выніку ўкраінскага еўрамайдана — апазіцыя ці ўлада? Ці магчымы такі еўрамайдан у Беларусі?» На пытанні карэспандэнта БелаПАН, звязаныя з падзеямі ў суседняй краіне, адказваюць жыхары Магілёва:

«Пераможа апазіцыя, бо ва Украіне больш людзей, якія хочуць у Еўропу. У нас магчымы, але не цяпер — можа, гадоў праз дзесяць. Спачатку павінны змяніцца думкі людзей».

«Улада ўсё-такі ўтрымаецца, паўтору памаранчавай рэвалюцыі не будзе. У нас пакуль што немагчымы. У нас бальшыня людзей не ўяўляе сітуацыі, каб такое магло адбыцца. Людзі нашы пакуль не гатовыя да гэтага».

«Напэўна, апазіцыя. Цімашэнка — іх лідар. А гэты сваё ўжо адваяваў, яму там няма месца. А ў нас? Лукашэнка любога да сценкі паставіць — і ўсё».

«Я думаю, што ўлада, яна заўсёды перамагала. Чым скончылася тая іх рэвалюцыя — фактычна, нічым. Цяпер хто ў іх пры ўладзе? Януковіч! У нас не будзе, нашы людзі — дужа пасіўныя. Калі, аднак, кожны чалавек зменіцца, то і сітуацыя зменіцца».

«А хто яго ведае. Любая ж дзяржава — гэта сродак уціску. Шчыра кажучы — час ім туды».

Карэспандэнт: «У Еўропу?»

«Так. Беларусь жа таксама некалі імкнулася ў Еўропу, і чым гэта скончылася?»

Карэспандэнт: «А ў Беларусі такі майдан ці магчымы?»

«Калі нехта памрэ — тады пабачым».

«Хутчэй за ўсё, улада. Больш унушае даверу. У нас людзі розныя, таму магчымы. Калі няма апазіцыі — значыць, няма канкурэнцыі і іншых магчымасцяў для развіцця краіны».

«Чэсна кажучы, не цікаўлюся. У іх свой рух — у нас свой. Майдан нічога ў нас не зменіць, мы жывем — і жывем. А ў іх не жыццё, а спрэс рэвалюцыі».

«Павінен перамагчы здаровы сэнс. Ім трэба заставацца з Расіяй усё-такі. А ў нас такое грамадства, якое не імкнецца да майданаў».

«Улада. Яны ж ужо прыкарміліся. Яны больш ведаюць усю абстаноўку, чым апазіцыя. Мы ж — народ ціхі і спакойны, нас разгайдаць дужа цяжка».

Карэспандэнт: «А гэта добра, ці не?»

«Блага!»

«У бок Расіі будзе ўсё рухацца. Украіна залежыць ад энерганосьбітаў, інакш яны не змогуць існаваць. У нас жа народ больш баіцца выходзіць праз пераслед. Калі ўзровень жыцця апусціцца, што людзі не змогуць трываць, то яны выйдуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?