З краіны сноў

На ціхай кропцы матухны­-зямлі
Мы тут з натхнення вобраз волі злепім.
Мы да цябе з краіны сноў прыйшлі —
Пагаманіць каля цябе, Язэпе…

Тут нас сёння толькі каля двух дзясяткаў чалавек. 18-­ая — жыхарка Ліпляняў Аліна Станіславаўна Тышко. 19-­ы — Кастусь Шыталь. Прыкаціў сюды праз Пунькі на ровары. Ён, Язэпе, паклаў двухколага скакуна ў падножжы магільнай гары і пабег да твайго некранальнага прытулку.

А мы пасля ціхага мітынгу спусціліся з горкі вечнага спакою. Мы едзем да сядзібы Мар’яна Місевіча, каб прадоўжыць сустрэчную гаману…

Неба глядзець

Спадарыня Ада са сваімі вернымі памочнікамі хвалюецца, чаму няма большасці пленэраўцаў. «У аднаго вядомага мастака сур’ёзная прычына. А іншыя што? Праігнаравалі?» — разважае яна.

Язэп, вядома, не пакрыўдзіўся. І сустрэча ягоных паслядоўнікаў адбылася. Летуценны касмічны беларус звёў нас для нейкіх адкрыццяў, мар. Вось я знайшла думкавы вынік гэтага дня. Згадваю словы Ады Эльеўны: «Давайце паставім мэту выкласці ля магілы Язэпа Драздовіча камяні з надпісамі тых яго шукальнікаў, якіх няма ўжо на свеце». Яна пералічыла імёны.

…На сядзібе я пазнаёмілася з ласкавым, усмешлівым Гэнікам Лойкам, які з думкамі пра Язэпа адлюстраваў вобраз юнага шукальніка, у якім нараджаецца касмічная цяга, здзіўленне глыбінным небам, здагадка… Гэта гіпсавая скульптура хлопчыка з назвай «Ад неба — зямлі».

У зямлі моцная прыцягальная сіла. Проста так не адарвацца ад яе, не ўзляцець целу — вунь як хлопчыкава фігурка прыземлена. Але не менш прыцягальная нябесная сіла, якая ўздзейнічае на чалавечую дапытлівую душу, на думку, мару. Задае пытанне. Нараджае захапленне. Да такой ступені, да якой паказаў скульптар у хлопчыку, які бег і, відаць, прысеў ад здзіўлення. І ўжо правай рукой нешта піша… Зорная выява кінулася ў вочы. Жаданне спасцігнуць нябесны цуд напружыла і засяродзіла ўсё цела. Яно сабралася, згуртавалася ад уражання. Вочы лятуць увысь, прагнуць разгадкі. Яны ў захапленні. Пайшло ад неба святло да зямлі. Дарунак! Толькі не лянуй, чалавек, вачэй і думкі, душы сваёй. Аб’яўляйцеся, хлопчыкі­-Язэпы — неба глядзець! Неба над вамі — цудам.

Так я разгадала скульптурнага хлопчыка. Можа, хто па-­іншаму? Хай скажа! Бо ўсім спадабаўся твор Лойкі.

Абяцаў вярнуцца

Услед палатно разгарнула Святлана Баранкоўская. Карціна названа: «Ён абяцаў вярнуцца».

Нехта спытаў: «А што гэта значыць?» Святлана кажа: «Проста распрануўся, павесіў тут сваё паліто і пайшоў. Гэта значыць, што ён прыйдзе».

І вярнуўся Язэп у свядомасць роднай, годнай Беларусі. Знайшоўся. Бо знайшоўся і першы, хто ўсклікнуў: «…А Язэп?... Ён жа наш. І гэта ўнікальна!»

На радзімным полі

Ну, што зробіш, калі агортвае сум? Ці стомленасць, ці гаркота ад зямнога светабачання?

Мастакоў прыехала ўсяго чацвёра. Астатнія разнатворцы. З незалежнага друку, з літаратурна-­журналісцкай глыбоцкай братнечы, фотапаляўнічыя… І нават аўтамайстар, турыст — Васіль Хацкевіч (сябар Алеся Саўчанкі). Лепельцы.

Падсвільчанка Люба Ягораўна Карчэўская, прыбраўшы напярэдадні месца вечнага спачыну славутага земляка, раніцай наступнага дня спякла пірог — пачастунак для ўдзельнікаў юбілейнага свята і ўручыла Адзе Эльеўне. Яе сюды зноў прывёз муж Часлаў Карчэўскі. І ўнучку — двухгадовую Арынку. На месца ўшанавання Язэпа. Паслухаць прамаўленні. Затым прыбраць магілы сваякоў перад святам Пакровам.

«Сем чалавек мясцовых вяскоўцаў чакалі і не дачакаліся, — кажа Ягораўна, — не ведалі, калі ўсё пачнецца».

Значыць, памяць пра Язэпа яшчэ не толькі ў кнігах, у мастацкім асяродку, але і на радзімным полі. Яшчэ ёсць людзі ў вёсцы. А ў хаце Мар’яна прагледзелі фільм пра пашуковыя дзеянні даследчыкаў творчасці мастака, пра яго юбілейныя дні ў нашых мясцінах. Адбыліся дыялогі карэспандэнтаў з мастакамі і гападаром сядзібы.

Спадар Мар’ян падрыхтаваў да юбілейнага дня выставу тых малюнкаў, якія падаравалі яму ліпеньскія пленэраўцы. Тут я трапіла ў адкрыццё мастака Часлава Шамшура.

Заўважыла, што побач гарталі і разглядалі альбом партрэтаў беларускіх пісьменнікаў. У Мар’яна ёсць ужо што паглядзець. І Алесь з Васілём перафатаграфавалі сёе-­тое касмічнае Язэпа Драздовіча з альбомнай кнігі, якую набыў гаспадар хаты.

Абдавала раднамоўнае паветра. А на дварэ і па шляху жоўты, вельмі шчодры сёлета на фарбы кастрычнік, мілаваў вочы. І здавалася:

Дух развіднеў. Унебеліся крозы,
Як воблакі над шолахам бярозаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?