Вырашэнне беларускага пытання знаходзіцца ў Мінску, а не ў Вільні, Маскве ці Бруселі. Пра гэта заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, выступаючы 28 лістапада ў Вільні на сумесным пасяджэнні кіраўнікоў камітэтаў па міжнародных справах парламентаў краін — членаў Еўрапейскага саюза і Парламенцкага форуму.
«І гэта ёсць наша разуменне сітуацыі, перспектыў развіцця і нашай адказнасці, — сказаў Лябедзька. — Разам з тым было б памылкай адмаўляць уплыў знешніх фактараў на сітуацыю ўнутры Беларусі. Менавіта таму мае велізарнае значэнне, якое пасланне пачуюць у літоўскай сталіцы два беларускія міністры, якіх я заву паштальёнамі. Гэта будзе моцны голас прыхільнікаў каштоўнасцяў ці шэпт прыхільнікаў інтарэсаў».
Лябедзька заклікаў удзельнікаў форуму паставіць подпісы пад зваротам да ўдзельнікаў вільнюскага саміта, якое было прынята ў сейме Літвы па выніках учарашніх слуханняў аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама арганізаваць аналагічныя слуханні ў парламентах краін — членаў ЕС.
Лідар АГП так пазначыў стратэгію Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі ў кароткатэрміновай перспектыве: «Вызваленне і рэабілітацыя беларускіх палітзняволеных, свабодныя сумленныя выбары».