Літаратура22

О.Генры. Праз дваццаць гадоў. Апавяданне ў перакладзе Паўла Донава

Паліцыянт, які патруляваў праспект, вылучаўся сваёй імпазантнасцю. Імпазантнасць была натуральная, а не робленая на публіку, да таго ж і гледачы трапялілся рэдка. Не было яшчэ і дзесяці гадзін вечара, а сцюдзёныя парывы ветру з водарам дажджу паразганялі з вуліц амаль усіх людзей.

Праходзячы міма будынкаў, ён торгаў за дзверы, мудрагеліста і па-майстэрску пакручваў дручком і час ад часу азіраўся, каб абвесці пільным позіркам ціхую дарогу — дужы і злёгку франтаваты, гэты афіцэр ствараў цудоўны вобраз ахоўніка спакою. У наваколлі спаць клаліся рана. Сям­-там гарэла святло ў вокнах цыгарнай крамы або кругласутачнай сталоўкі, але большасць дзвярэй належалі да ўстановаў, якія ўжо даўно зачыніліся.

Прайшоўшы толькі палову аднаго з кварталаў, паліцыянт раптам запаволіў хаду. Да дзвярэй неасветленай гаспадарчай крамы прыхіліўся мужчына з незапаленай цыгарай у роце. Варта было паліцыянту да яго падысці, як ён хуценька загаварыў.

— Усё ў парадку, афіцэр, — сказаў ён добразычлівым тонам. — Проста сябра чакаю. Мы дамовіліся тут сустрэцца дваццаць гадоў таму. Нечакана гучыць, праўда? Каб вы не сумняваліся, што ўсё ў парадку, магу растлумачыць. Прыкладна ў той час на месцы гэтай крамы быў рэстаран — «У Вялікага Джо Брэйдзі».

— Яго знеслі пяць гадоў таму, — адказаў паліцыянт.

Чалавек ля дзвярэй чыркнуў запалкай і прыкурыў цыгару. Полымя асвятліла бледны твар з квадратнай сківіцай і пранізлівымі вачыма, а таксама маленькі шнар каля правага брыва. Шалік быў на дзіўны манер заколаты шпількай з вялікім дыяментам.

— У гэтую ноч спаўняецца роўна дваццаць гадоў, — пачаў расказваць чалавек, — як я абедаў тут, у Вялікага Джо Брэйдзі, з Джымі Уэлзам, маім найлепшым прыяцелем і самым файным хлопцам у цэлым свеце. Мы выраслі тут, у Нью-Ёрку, разам, як два браты. Мне было васямнаццаць, а Джымі — дваццаць. Наступнай раніцай я мусіў выправіцца на Захад, каб скалаціць сабе капітал. А Джымі было не выцягнуць з Нью-Ёрка, ён думаў, ва ўсім белым свеце больш і няма нічога. Дык мы тым вечарам і дамовіліся, што зноў сустрэнемся тут роўна праз дваццаць гадоў ад таго дня і той гадзіны, якімі б ні былі абставіны і з якой бы далечыні нам ні давялося прыехаць. Мы разлічвалі, што праз дваццаць гадоў кожны з нас ужо знойдзе свой лёс і заробіць той капітал, якімі ім наканавана быць.

— Гучыць даволі цікава, — адказаў паліцыянт. — Але ж здаецца, занадта вялікі інтэрвал паміж сустрэчамі. Няўжо вы так нічога і не чулі пра сябра пасля ад’езду?

— Дык так, нейкі час мы ліставаліся, — прамовіў той.— Але праз год­два згубілі след адзін аднаго. Разумееце, Захад — гэта даволі заманлівая прапанова, і я даволі жвава ўзяўся за працу. Але я ведаю, што Джымі прыйдзе сюды сустрэцца, калі толькі ён жывы, бо ён заўсёды быў самы верны, самы адданы стары сябар у свеце. Ён не забудзецца. Я праехаў тысячу міляў, каб сёння ўвечары стаяць каля гэтых дзвярэй, і калі мой стары таварыш з’явіцца, то яно таго варта.

Той, хто чакаў сябра, выцягнуў прыгожы гадзіннік з вечкам, упрыгожаным дыяментамі.

— Без трох хвілін дзесяць, — аб’явіў ён. — Было роўна дзесяць, калі мы рассталіся на гэтым месцы каля дзвярэй рэстарана.

— Паспяхова папрацавалі на Захадзе, як я бачу, — заўважыў паліцыянт.

— Анягож! Спадзяюся, Джымі зарабіў хаця палову ад таго. Хоць і добры быў хлапчына, але было ў ім штось ад валацугі. Я мусіў спаборнічаць з найсвятлейшымі галовамі, каб яны мяне не абставілі. А ў Нью-Ёрку чалавек трапляе ў каляіну. Каб загартаваць чалавека, патрэбны Захад.

Паліцыянт крутануў дручком і зрабіў крок-другі.

— Трэба ўжо ісці. Спадзяюся, ваш сябар прыйдзе ў час. Калі зараз не з’явіцца, адразу пойдзеце?

— Ні ў якім разе! — адказаў другі. — Дам яму не менш за паўгадзіны. Калі Джымі яшчэ на гэтым свеце, гэтага часу яму хопіць. Бывайце, афіцэр.

— Добрай вам ночы, сэр, — адказаў паліцыянт і вярнуўся на свой маршрут, торгаючы па дарозе дзверы.

Была цудоўная халодная імжа і пасля няпэўных парываў вецер стаў дзьмуць няспынна. Рэдкія пешаходы, што рухаліся па квартале, у панурай і бязгучнай спешцы праходзілі міма з высока паднятымі каўнярамі палітонаў, засунуўшы рукі ў кішэні. А ля дзвярэй гаспадарчай крамы чалавек, які праехаў тысячу міль на няпэўную амаль да абсурду сустрэчу з сябрам юнацтва, чакаў і курыў цыгару.

Ён прачакаў хвілін дваццаць, калі з супрацьлеглага боку вуліцы спешна стаў набліжацца высокі чалавек у доўгім палітоне з паднятым да вушэй каўняром. Ён ішоў проста на таго, хто чакаў.

— Гэта ты, Боб? — няпэўна спытаў ён.

— Гэта ты, Джымі Уэлз? — закрычаў чалавек ля дзвярэй.

— Блаславі цябе Бог! — гукнуў прыбыш і схапіў сябра за абедзве рукі. — Гэта Боб, немінучы, як лёс. Не сумняваўся, што знайду цябе тут, калі ты яшчэ на гэтым свеце. Вось дык так! Дваццаць гадоў — доўгі тэрмін. Старога рэстарана ўжо няма, Боб, а хацеў бы я, каб ён нас дачакаўся і мы яшчэ раз у ім павячэралі. Ці добра абыходзіўся з табой Захад, стары?

— Па галоўцы не гладзіў. Але ж даў мне ўсё, пра што я прасіў. А ты моцна змяніўся, Джымі. Мне заўсёды здавалася, што ты меншы цалі на дзве-тры.

— О, я трохі рос яшчэ і пасля дваццаці гадоў.

— Як твае поспехі ў Нью-­Ёрку, Джымі?

— Нішто сабе. Займаю пасаду ў адной установе. Боб, я ведаю адно месца, давай пройдземся туды і добра пагутарым пра старое.

Двое рушылі па вуліцы рука ў руку. Чалавек з Захаду, чыя ганарлівасць стала празмернай праз поспех, пачаў расказваць гісторыю сваёй кар’еры. Другі занурыўся ў палітон і з цікавасцю слухаў.

На рагу ззяла ў электрычных агнях, як брыльянт, аптэка. Калі яны выйшлі на святло, то абодва адначасова павярнуліся, каб зірнуць адзін аднаму ў твар.

Чалавек з Захаду раптам спыніўся і вызваліў руку.

— Ты не Джымі Уэлз! — выкрыкнуў ён. — Дваццаць гадоў — вялікі тэрмін, але і за гэты час рымскі нос не ператворыцца ў бульбіну.

— Бывае, што за гэты час добры чалавек робіцца благім, — адказаў высокі. — Ты ўжо дзесяць хвілін як арыштаваны, Шаўковы Боб. У Чыкага падумалі, што ты на нашай тэрыторыі, і даслалі нам тэлеграму, што хацелі б з табой пагутарыць. Ну і ціха ж ты перасоўваешся, праўда? Відавочна, што так і ёсць. Дык вось, перш чым мы адправімся да ўчастка, мяне тут папрасілі перадаць табе цыдулку. Можаш тут, каля вітрыны, і прачытаць. Яна ад патрульнага Уэлза.

Чалавек з Захаду разгарнуў аркушык паперы, які яму далі. Ён трымаў руку роўна, калі пачаў чытаць, а калі дачытаў, яна ўжо злёгку дрыжала. Цыдулка была даволі кароткай.

 

«Боб, я прыйшоў на месца, як і дамаўляліся. Калі ты чыркнуў запалкай, каб прыкурыць цыгару, то я ўбачыў аблічча таго, хто аб’яўлены ў вышук у Чыкага. Чамусь я не змог зрабіць гэтага сам, таму вярнуўся і паслаў на заданне чалавека ў цывільным.

ДЖЫМІ».

***

О.Генры

Амерыканскі пісьменнік, празаік, аўтар папулярных навелаў, гумарэсак. Сапраўднае яго імя — Уільям Сідні Портэр. Нарадзіўся Уільям у 1862-м у Грынсбара, штат Паўночная Караліна. Маці памерла, калі яму было тры гады. Бацька, бедны правінцыйны лекар, пасля смерці жонкі запіў. У дваццаць гадоў Уільям пераехаў у Тэхас. Працаваў аптэкарам, фермерам, гандляром, касірам у банку, журналістам. Уцякаў у Гандурас, дзе хаваўся ад пакарання ў растраце грошай. Аднак вярнуўся ў Тэхас і быў асуджаны да пяці гадоў зняволення (адбыў 3,5). Менавіта ў турме ён і заняўся літаратурнай творчасцю і ўзяў псеўданім О.Генры. Першае апавяданне «Калядны падарунак па­мексіканску» было надрукавана ў 1899 годзе. Па выхадзе на волю перабраўся ў Нью-Ёрк.

Каментары2

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Спецпрадстаўнік ЗША пракаментаваў атакі ўкраінскіх дронаў па расійсікіх аэрадромах падчас аперацыі СБУ «Павуцінне»9

«Абражаў рэлігію і Бога». Чачэнцы заявілі, што блогера ў Маскве не выкралі, а «прафесійна затрымалі» сілавікі5

Ціна Палынская і яе 22-гадовая дачка знаходзяцца пад вартай1

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту ВКЛ Яна Няпрэцкага3

Як дачка новага прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага стала зоркай і скрала ўвагу ўсёй краіны7

Як змагаецца за жыццё кур'ер, які ехаў на электравеласіпедзе на пешаходным пераходзе на зялёнае, але трапіў пад аўто9

Не баяцца ні бога ні чорта. Як тайныя пакупнікі кашмараць крамы пад Мінскам11

Уласнікі Realt.by пашыраюць бізнэс на Польшчу, ААЭ і Чарнагорыю1

У Расіі адбыўся другі за два дні пажар на заводзе па вытворчасці матораў для вайсковай тэхнікі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць