У панядзелак судзьдзя Ленінскага раёну Менску Тацяна Жулкоўская вынесла абвінаваўчы прысуд незалежнай газэце «Народная Воля» і яе журналістцы Марыне Коктыш. Рашэньнем суду з «Народнай волі» спагоняць 25 млн рублёў, а з журналісткі — 2 мільёны на карысьць кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта РБ Алега Праляскоўскага. Першае судовае паседжаньне па гэтай справе адбылося 26 верасьня.

Прэтэнзіі галоўнага ідэоляга краіны выклікала публікацыя «Уладзімер Холад па-ранейшаму знаходзіцца на свабодзе» у нумары “НВ” ад 2 жніўня. Пра самога Праляскоўскага там было ўсяго некалькі радкоў, які і сталі падставай для звароту ў суд з мэтай абароны годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Судзьдзя Жулкоўская, якая летась асудзіла на два гады турмы праваабаронцу Кацярыну Садоўскую, амаль цалкам задаволіла пазоў ідэоляга.

Хіба толькі замест 28 мільёнаў, якія патрабаваў пазоўнік, «Народнай Воля» будзе сплочваць 25 мільёнаў, наконт Коктыш пакараньне засталося такім жа, як і патрабаваў пазоўнік.

"Я дагэтуль не разумею, як можна прызнаць не адпаведнай рэчаіснасці, да прыкладу, фразу "но Пролесковский на свободе", і якім чынам гэтая фраза можа зняважыць яго гонар…", — пракамэнтавала вынік суду Марына Коктыш.

«Сярэдзіч чамусьці не запрашаў на працэс журналістаў», — дзівіцца праваабаронца Валер Шчукін, які прысутнічаў на вынясеньні прысуду. Ён дзеля гэтага спэцыяльна прыехаў зь Віцебску. Уся працэдура, паводле яго словаў, доўжылася 15 хвілінаў.

На працягу 10 дзён адказчыкі зьбіраюцца падаць скаргу на судовае рашэньне ў Менскі гарадзкі суд. Касацыйная скарга можа разглядацца цягам месяца. Калі рашэньне будзе адмоўным, празь дзесяць дзён з моманту разгляду касацыйнай скаргі штрафы трэба будзе сплаціць.

Алег Праляскоўскі паабяцаў выйграныя ў судзе грошы накіраваць на дапамогу аднаму зь беларускіх дзіцячых дамоў. Выплата такога буйнога штрафу зноў ставіць пад пытаньне далейшы выхад незалежнага выданьня.

Па іроніі лёсу 1 кастрычніка, у дзень вынясеньня прысуду, — дзень народзінаў і ў Іосіфа Сярэдзіча, і ў Алега Праляскоўскага. Галоўнаму рэдактару “Народнай Волі” споўнілася 58 гадоў, галоўнаму ідэолягу — 44.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?